Спытаўшы дазволу, бяру ў рукі партфель перапісчыка, прымерваюся, як бы насіла яго. Ён няцяжкі, што пацвердзіла і інструктар-кантралёр Вольга Сініца: “Самі яны лёгкія, а мы ж адразу ўсё не носім. Звычайна там ляжаць ручка, інструкцыя, пасведчанне і перапісныя лісты на некалькі кватэр”.

На перапісным участку ў гімназіі №10 горада Маладзечна. Людміла Ігнатовіч, Жанна Шалімава, Вольга Сініца, Кацярына Мацэвіч.

Але партфелі, расказалі мне, давядзецца здаць: каб махляры, карыстаючыся імі, не выдавалі сябе за перапісчыкаў.

На перапісным участку, што размешчаны ў гімназіі №10, – усе навічкі, 10 гадоў таму, падчас мінулага перапісу, былі толькі рэспандэнтамі. Таму сёлета крыху непакоіліся падчас папярэдняга абходу: што за людзі жывуць у мікрараёне, як сустрэнуць, як паставяцца да перапісу. Цяпер ужо адчуваюць сябе больш упэўнена. Бо, па словах перапісчыкаў, прымаюць іх добра, звычайна з усмешкай, паспачуваюць нялёгкай працы, прапануюць чай, каву. Але яны адмаўляюцца – паводле інструкцыі.

Дарэчы, паводле інструкцыі, сустрэўшы бяздомнага чалавека, перапісчык абавязаны апытаць яго на вуліцы, запоўніць дакументы і даць яму даведку аб гэтым. Але ў чацвертым мікрараёне такіх людзей не сустрэлі.

Надзвычайных здарэнняў падчас візітаў у кватэры не было: хатнія жывёлы не нападалі, жыхары адэкватныя. “Міліцыя папярэдне давала спісы сацыяльна небяспечных людзей і цяжкіх сем’яў. У нашым мікрараёне такіх не было”, – патлумачыла Вольга Сініца. Яркія ўражанні ад наведаных кватэр – прыемныя. “У адной сям’і бачыла такога ката! Проста вялізны кацяра, побач з якім звычайны сабака здаецца шчанюком”, – успомніла Жанна Шалімава.

Па словах перапісчыкаў, большасць жыхароў іх мікрараёна называе сябе беларусамі, былі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў: татары, азербайджанцы, украінцы, лезгіны, рускія, палякі. На пытанне аб роднай мовай таксама пераважная большасць апытаных адказвае: “Беларуская”, некаторыя згадваюць трасянку.

Найбольшыя цяжкасці ў рэспандэнтаў выклікае пытанне аб асноўнай прадукцыі ці паслугах, якія выконвае іх арганізацыя. Бо на вялікіх прадпрыемствах працуюць прадстаўнікі розных прафесій. І доктар, і санітарка ў бальніцы аказваюць адну паслугу – ахову здароўя. Гэтаксама і прыбіральшчыца ў школе, і настаўніца – паслугі адукацыі.

А вось з годам узвядзення дома праблем няма: калі чалавека апытваюць у кватэры, то перапісчык ужо ведае і год пабудовы, і матэрыял – аддзел статыстыкі забяспечыў іх гэтай інфармацыяй.

Святлана ЦІШКО.

Фота аўтара.