Прычына пажару – падпал.

Інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду Алег Грыневіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: прыехаўшы на месца, выратавальнікі заўважылі, што на акне сарваныя металічныя краты, выламаныя дошкі. У гандлёвай зале магазіна ўсе стэлажы і тавары аблітыя саляркай і алеем.

На падлозе ляжалі шэсць пустых бутэлек з-пад алею і пустая 10-літровая каністра з-пад саляркі. Агонь не паспеў яшчэ нарабіць вялікай шкоды, але прыкметы падпалу былі відавочныя. Выратавальнікі выклікалі міліцыю.

З пажарам справіліся за 23 хвіліны. У магазіне абгарэла сцяна на плошчы 4 квадратныя метры і падлога на плошчы 2 квадратныя метры.

Па словах Алега Грыневіча, у гэты дзень райспажыўтаварыства ў магазіне збіралася праводзіць рэвізію. Прадавец, як звычайна, у 9 гадзін адкрыла краму. Убачыўшы агонь, патэлефанавала свайму начальству, якое і выклікала выратавальнікаў.

На наступны дзень міліцыя па падазрэнні ў падпале затрымала 21-гадовага сына прадаўшчыцы. Па папярэдніх дадзеных, ён хацеў спаліць магазін, каб рэвізія не выкрыла нястачу ў рабоце сваёй маці.

Начальнік інфармацыі і грамадскіх сувязяў абласной міліцыі Аляксандр Шункевіч паведаміў “РГ”, што крымінальная справа ўзбуджаная па другой частцы 218 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам”. За гэта можна атрымаць абмежаванне свабоды на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота забяспечана Алегам ГРЫНЕВІЧАМ.