Фатограф Віктар Казлоўскі 20 кастрычніка на адкрыцці персанальнай фотавыставы ў Вілейскім краязнаўчым музеі.

Нарадзіўся Віктар Іосіфавіч у 1964 годзе ў Гродзенскім раёне ў вёсцы Індура. У дзяцінстве з’явілася цікавасць да прыроды. Яшчэ вучнем ён узначальваў школьнае лясніцтва. Калі хадзіў у сёмы клас, хлопцу купілі першы фотаапарат “Смена-8М”, а ў 10 класе ў Віктара з’явіўся “Зеніт-Е”.

Адзін з першых здымкаў хлопца – саву, якая ляціць на заходзе сонца – надрукавалі ў вядомым на той час часопісе “Юны натураліст”. Менавіта гэта падзея, як кажа Віктар Казлоўскі, падштурхнула яго паступіць у Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава на факультэт лясной гаспадаркі.

– Калі вучыўся ў інстытуце, – расказвае Віктар Іосіфавіч, – была група студэнтаў, якая спрабавала арганізаваць фотаклуб. Але тады гэта зрабіць было вельмі цяжка. І адзін часопіс пра прыроду праводзіў розныя фотаконкурсы. Маё жыццёвае крэда – не ведаеш, што рабіць, зрабі крок уперад. Таму я таксама ўдзельнічаў у конкурсах, займаў прызавыя месцы.

Па заканчэнні вучобы Віктар маладым спецыялістам трапіў у Маладзечна. Працаваў спачатку памочнікам ляснічага, затым сам стаў лесніком. У той момант, як кажа, фатаграфаванне было толькі захапленнем. Але і гэта захапленне прыйшлося на нейкі час адкласці.

– У мяне быў пэўны перапынак, – кажа Віктар, – калі неабходна было будаваць дом, гадаваць дзяцей і садзіць дрэвы. Але потым зноў усё вяртаецца на свае месцы.  Нейкі час я працаваў паляўніцтвазнаўцам. Акрамя таго, што арганізоўваў паляванні, яшчэ займаўся аховай жывёльнага і расліннага свету. А дзеля таго, каб набыць фотаапарат, я прадаў трактар. У маім лічбавым архіве некалькі дзесяткаў тысяч здымкаў.

Серыю сваіх работ Віктар Казлоўскі прапанаваў паказаць у музеі яшчэ летась. Але тады, як сказаў дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, магчымасці правесці выставу не было. Затое цяпер тут прадстаўленыя сорак тры здымкі дзікай прыроды.

Сямейка маленькіх лебедзяў вучыцца плаваць.

 

Куніца на дрэве.

 

Першая прагулка маленькага птушаняці.

Каб сфатаграфаваць тую ці іншую жывёліну, як расказаў Віктар, неабходна быць добра падрыхтаваным.
– Перад тым, як зрабіць здымак, трэба не адну гадзіну (а то і некалькі дзён) сядзець у зацішшы і назіраць за жывёлай, – расказвае Віктар Казлоўскі. – А фатаграфіі, што на выставе, я лічу, – самыя лепшыя. Тут і два лісяняці – брат і сястрычка – сядзяць ля сваёй нары і чакаюць маці, якая прынясе ім ежу. Гэта фота зробленае з машыны.

А каб атрымаць здымак воўка, мы паехалі з групай фатографаў у Хойніцкі раён (зона адсялення). Глушакоў мы ездзім здымаць аж у Віцебскую вобласць, бо менавіта там самыя лепшыя мясціны, дзе яны жывуць. Канешне, калі сядзіш і чакаеш вызначанага моманту, каб “шчоўкнуць” звера, крышачку страшна. І былі выпадкі (але не са мной), што даводзілася ад жывёлы адбівацца фотаапаратам. Заўсёды стараешся сфатаграфаваць не проста дзікага звера, а ўгледзець яго характар, асцярожнасць, рухі і паводзіны ў блізкім для яго асяроддзі.

Усе кадры робяцца не дзеля таго, каб пакласці здымкі на паліцу ў шафу, а каб паказаць людзям, якое ідзе жыццё ў дзікай прыродзе.       

Надзея СТАНКЕВІЧ.
Фота Надзеі СТАНКЕВІЧ і Віктара Казлоўскага.

Даведка “РГ”.