Раніцай ён узяў у паветцы мех і пайшоў будзіць сваіх катоў, што мірна спалі на канапе ля цёплай печы. Спачатку ўкінуў туды Мурзіка, за ім, схапіўшы за шкірку, адправіў Цішку. “До спаць, мышэй трэба лавіць!” – пагрозліва сказаў мужчына. І, закінуўшы на плечы мех, палез па драбіне на гарышча.

Цэлы дзень каты пратэставалі. Мяўкалі, як расказваў сам гаспадар, плакалі. А пад вечар сцішыліся. Дзядзька вырашыў, што яны, затаіўшыся дзесьці за старымі мяшкамі, сядзяць, высочваюць ворагаў – мышэй.
Усю ноч было падазрона ціха. Не насіліся мышы, маўчалі каты. “Пайду глядзець, што там робіцца”, – не вытрымаў гаспадар. Узяў вялікі ліхтар, палез па скрыпучай драбіне на гарышча. Цішка і Мурзік, прымасціўшыся на цёплым лежаку ля коміна, спалі.

“Во, брадзягі”, – узлаваўся Іван ды перацягнуў абодвух нейкай старой анучынай, што трапілася пад руку. У імгненне вока каты саскочылі са свайго ложа і кінуліся да адчыненых дзвярэй гарышча. Мурзік ступіў на край лесвіцы. Азіраючыся на гаспадара, стаў нясмела спускацца на зямлю. А Цішка,  некалькі разоў глянуўшы ўніз, жалобна мяўкнуў і стаў церціся ля Іванавых ног.

“Будзеш сядзець, пакуль не злезеш!” – сказаў гаспадар. Ды, махнуўшы рукой на ката, які не апраўдаў надзеі, пайшоў упраўляць гаспадарку. Вечарам ля сподачка з малаком сядзеў толькі Мурзік. “Цішка, Цішка”, – паклікаў мужчына. “Мя-я-я-ў”, – жалобна адгукнуўся той з даху дома. Нічога не засталося, як узяць той жа мех і  лезці здымаць ката.

“Во памочнікі дык памочнікі”, – уздыхаў дзядзька ў магазіне, купляючы пасткі. Двух катоў маю, а самому трэба мышэй лавіць.

Злавала на свайго вартаўніка, які цэлы дзень толькі тое і робіць, што ляжыць у будцы, і цётка Ганька. “Я ж брала яго дзеля таго, каб у двары “званочак” быў. Адна жыву, усяго баюся. А так сабака забрахаў, знаеш: хтосьці чужы ідзе. Дык ён жа, бесталач гэта, убачыць чалавека на вуліцы, брэша, аж заліваецца. А згледзіць, што хтосьці ў двор скіраваўся, залезе ў будку і ляжыць. Ці ж гэта вартаўнік? Таго глядзі, каб яго яшчэ не ўкралі”.

Мае знаёмыя жывуць на першым паверсе шматпавярховага жылога дома. Мікрараён яшчэ не забудаваны. Побач звалка, невялічкі лясок. І, як толькі пачынае халадаць, у іх кватэры адразу ж з’яўляецца папаўненне. Маленькія палявыя мышкі атакуюць кухню. Хто іх ведае, як яны туды трапляюць. Здаецца ж, ні дзірак ніякіх няма, ні шчылін. А ўсё адно, як восень, так і гэтыя госцікі. “Коціка трэба завесці, – параіла ім суседка, – будуць чуць яго дух, ні за што ў кватэру не палезуць”.

Рыжыка ўзялі ў бабулі ў вёсцы. З маленькім пухнатым камяком гулялі ўсе: і дарослыя, і дзеці. “Мама, а дзе коцік?” – вяртаючыся са школы, з парога пыталіся дзеці. “Ну, як там Рыжык?” – тэлефанаваў з працы гаспадар.

А Рыжык тым часам рабіў свае справы. Пазацягваў усе занавескі на вокнах, вельмі любіў на іх катацца, паразбіваў вазоны, абдзёр на сцяне ў прыхожай шпалеры. А калі ўсё гэта яму надакучвала – спаў. На тэлевізары ў зале. Некалькі тыдняў таму ён сапсаваўся. “Ба, а што ж гэта ў вас тут робіцца? – здзівіўся майстар, адкруціўшы панэль. – Тут жа пільсці столькі, што шкарпэткі можна звязаць!”. “Рыжык на ім спіць”, – без энтузіязму патлумачыў гаспадар. А дзе яму ўзяцца, калі мышы па кухні ўсё адно ходзяць.

Марына СЛІЖ.