Гальшаны цалкам вартыя ўвагі. Мясцовыя жыхары жывуць у помніках архітэктуры – унікальнай яўрэйскай забудове, якая не ахоўваецца дзяржавай, таму ў кожны прыезд сюды асцерагаешся не далічыцца чарговага дыхтоўнага векавога будынка. Так, напрыклад, насупраць касцёла некалькі год таму быў разбураны стары яўрэйскі банк. Аргумент – аварыйнасць, але гальшанцы ўзгадваюць, што сцены “аварыйнага” будынка не маглі расцягнуць бульдозерамі.

Нелады ў “гальшанскім каралеўстве”

Нелады ў “гальшанскім каралеўстве”, як адзначаюць мясцовыя жыхары, пачаліся з ператварэннем мястэчка ў аграгарадок: занадта шмат вымагаў статус – напрыклад, закрыцця бальніцы і адкрыцця замест яе фельчарска-акушэрскага пункта, хаця некалі тутэйшым парадзіхам не трэба было ездзіць у горад – нават радзільнае аддзяленне было сваё.

Сапраўднай жа стратай для Гальшанаў з’явілася закрыццё музея. Нагадаем, што прычынай стаў аварыйны стан будынка, амаль аднагодка гальшанскага замка. У папулярнасці сярод турыстаў ён не уступае славутай рэзідэнцыі Сапегаў. Дзякуючы нематэрыяльнай выдатнасці ў выглядзе прывіду Белай Панны, які амаль 400 год не можа знайсці спакою ў кляштарных сценах, будынак унесены ў “Энцыклапедыю загадкавых месцаў свету”.

Штандар падхапілі Бянюны

Штогод Гальшаны наведвала каля 13 тысяч турыстаў. Пасля закрыцця музея нават без статыстаў можна адзначыць змены ў колькасным складзе наведнікаў знакамітага мястэчка.

– Так, турыстаў паменела, – адзначае Часлава Акулевіч, былы дырэктар музея. – Але, ведаючы і прадчуваючы, што музей будзе зачынены, мы натхнілі аднаго з мінскіх экскурсаводаў Алеся Варыкіша на адкрыццё свайго музея ў Бянюнах – гэта кіламетраў 8-9 ад нас, там знаходзіцца сядзіба Юльяна Карчэўскага.

У свой час мы шмат зрабілі для таго, каб стала вядомым імя Фердынанда Рушчыца на Беларусі, і такім жа чынам пачалі напрацоўваць і збіраць матэрыял пра Карчэўскага – нашага земляка, мастака, які атрымаў у Вільні адукацыю юрыста, браў урокі жывапісу ў Яна Рустэма. Пасля заканчэння вучобы Карчэўскі адправіўся ў турнэ па Еўропе, наведаў шмат знакамітых музеяў, капіраваў творы сусветнага мастацтва і ствараў свае. Але, на жаль, памёр ён зусім маладым ад сухотаў у Рыме, дзе і быў пахаваны.

У Бянюнах захавалася бацькоўская сядзіба, на базе якой Алесь Варыкіш стварае цудоўны каларыт для музея не толькі мастацкага напрамку, але і гістарычнага, местачковага. Такім чынам, Алесь падхапіў наш штандар. Цяпер аўтобусы з турыстамі едуць у Бянюны, і Гальшаны, канешне, не абмінаюць.

Працавалі да апошняга

Часлава Францаўна 19 год аддала працы ў музеі. Для гэтага аб’ехала ўвесь Савецкі Саюз, каб вярнуцца і зрасціся з Гальшанамі, адкуль калісьці марыла вырвацца.

– Гальшаны гучалі заўсёды і будуць гучаць пасля нас, – кажа Часлава Акулевіч. – Мы проста апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Такіх работнікаў, якія працавалі ў нас, трэба яшчэ пашукаць – гэта быў сумленны калектыў, аб’яднаны агульнай ідэяй, які не лічыўся ні з часам, ні са сродкамі – ён быў адданы музею, музей быў нашым жыццём. Цяпер усё пераасэнсоўваеш і ўсведамляеш, што гэта была цудоўная частка жыцця.

Нас папярэджвалі, чаго варта чакаць ажно за пяць год да закрыцця музея. Спачатку мы баяліся, а потым пачалі прымаць гэта як дадзенае. Ведаеце, мы былі як сабакі на сене – і напрацаванага шкада, і разумелі, што яшчэ пару год – і будынак абрушыцца, як абрушыўся гальшанскі замак, які ўжо насамрэч праблематычна аднавіць. Сцены манастыра ж, пры сур’ёзным падыходзе, змогуць яшчэ доўга служыць людзям. Таму закрыццё музея мы ацэньвалі цвяроза.

Работнікам прапанавалі тры месяцы працы, пасля якіх музей павінны былі закрыць, а нам выплаціць матэрыяльную дапамогу за паўгода. Мы ж не маглі развітацца з музейнымі сценамі і працавалі да апошняга.

“Сумую па музейнай працы”

Дзевяць супрацоўнікаў музея страцілі працу, але на гэты час праблемы з працаўладкаваннем вырашыліся.
– Пасля закрыцця музея я вярнулася да сваёй спецыяльнасці – эканаміст, – распавядае Тамара Жызнеўская, якая займала ў музеі пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. – Да таго, як прыйшла ў музей, я 12 год працавала ў саўгасе “Гальшаны” – там жа працую эканамістам і цяпер. Але па музейнай працы сумую – па знаёмствах з новымі людзьмі, з творамі мастацтва, па сумеснай дзейнасці.

У Гальшанах дзейнічае цудоўны клуб, дзе ладзяцца і канцэрты, канферэнцыі, Гальшанскія чытанні. Культурнае жыццё не загублена, але што тычыцца мастацкага напрамку – тут мы шмат згубілі.

Патрабуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты

– Прычына закрыцця – аварыйны стан будынка, але яго магчыма аднавіць, – упэўненая Часлава Акулевіч. – Узгадайце, у якім стане быў Лідскі замак? Канешне, будаваць новае прасцей, чым рэстаўраваць старое. Гэта вельмі карпатлівая праца, якая патрабуе вялікіх сродкаў. Насценны роспіс касцёла аднавілі польскія рэстаўратары, калі спецыялісты такога кшталту будуць працаваць і над рэстаўрацыяй кляштара, яго чакае доўгая будучыня.

Спонсары не пашкадуюць

– У Гальшанах павінны быць музей, і ў нас ёсць ідэі на гэты конт, – працягвае Часлава Акуневіч. – Зрабіць у Гальшанах карцінную галерэю – цалкам верагодна. Пра нас пакуль не забыліся мастакі, якія тут выстаўляліся, мы жадаем адкрываць новыя імёны. У нас ёсць цудоўны вялікі будынак былога кінатэатра, пры Польшчы там варылі піва, дзейнічала карчма. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ будынак былой гміны, які зараз знаходзіцца на балансе райвыканкама і выстаўлены на таргі.

Будынак трэба выкупіць або арандаваць і адрамантаваць. Раённы бюджэт гэтага не “пацягне” – ашмянскі музей рэстаўраваўся шмат год з-за грашовых праблем. Мы былі філіялам Нацыянальнага музея. Каб з самага пачатку музей знаходзіўся на балансе мясцовых уладаў, магчыма, нейкая частка бюджэту і была б выдаткаваная для Гальшанаў.

Наш музей працаваў з прывазнымі экспанатамі, свая ж экспазіцыя была невялікая. Каб напоўніць музей экспанатамі, ёсць наступная ідэя: патэнцыйную карцінную галерэю можна аб’яднаць са школьным музеем. Такім чынам, мы атрымалі б уласную шыкоўную экспазіцыю і маглі б прымаць прывазныя выставы. Алесь Варыкіш у Бянюнах набываў экспанаты для экспазіцыі за ўласныя сродкі, а тут – усё гатовае. Чалавек, які ўкладзе ў гэта грошы, не пашкадуе.

Млын 19 ст. ля ракі Гальшанка.

Галіне Касцяневіч 82 гады, але дом старэйшы за сваю гаспадыню.

Будынак гміны выстаўлены на таргі.

Што ні дом – то помнік архітэктуры. Старая яўрэйская забудова.

Мясцовая рымска-каталіцкая абшчына святога Яна Хрысціцеля стане гаспадаром будынку кляштара.

Святлана СТАНКЕВІЧ.
Фота Андрэя РОГАЧА.