Выразаюць птушак на франтонах дырэктар раённага Дома рамёстваў Сяргей Дубяга і кіраўнік гуртка разьбы па дрэве Аляксандр Лукоўскі.

Завяршыць сваю працу яны плануюць у канцы кастрычніка. Па словах Сяргея Дубягі, соваў выбралі менавіта таму, што жывуць гэтыя птушкі ў лясах, а гандлёвыя аб’екты будуць прадстаўленыя ў выглядзе дрэва з абрэзаным суччам, на якое надзеты каркас. Заказ на разьбу Сяргей і Аляксандр атрымалі ад лесагаспадаркі.
Сяргей Дубяга расказвае, што на кожным з чатырох гандлёвых месцаў з двух бакоў франтонаў будуць сядзець па тры савы. Толькі пакуль не вырашылі: будуць яны пафарбаваныя альбо застануцца ў колеры натуральнага дрэва. Памер кампазіцыі з трох соваў – адзін метр у даўжыню і 40 сантыметраў у вышыню.

Гандлёвыя пункты пасля афармлення франтонаў павінны з’явіцца ў пасёлку Партызанскі, на ўездзе і выездзе ў Ілью і ў Касцяневічах. Па словах начальніка аддзела па архітэктуры і будаўніцтве Вілейскага райвыканкама Галіны Кажарновіч, гэта будуць больш добраўпарадкаваныя гандлёвыя месцы, каб людзі змаглі прадаваць малочныя прадукты і гародніну. Па плане аб’екты павінныя быць устаноўленыя да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, які адзначаецца 15 лістапада.

Надзея СТАНКЕВІЧ.