Ад 22 кастрычніка жыхарам Маладзечна і раёна пачалі рабіць прышчэпкі супраць грыпу, прыходу якога чакаюць напрыканцы снежня – пачатку студзеня.

Па словах доктара-эпідэміёлага Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Надзеі Батурэвіч, Маладзечанскі раён атрымаў тры віды вакцыны: за кошт сродкаў мясцовага бюджэту – французскай вытворчасці, за кошт рэспубліканскага бюджэту – расійскай (для дарослых) і бельгійскай (для дзяцей).

Прышчэпкі робяць у паліклініках горада і амбулаторыях на раёне. Бясплатна іх  могуць атрымаць прадстаўнікі “групы рызыкі”: медыцынскія работнікі, людзі старэйшыя за 65 гадоў, дашкольнікі ад 6-месячнага ўзросту і школьнікі, людзі з хранічнымі захворваннямі нырак, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай сістэмаў і імунадэфіцытам.

Медыкі плануюць прышчапіць 15050 чалавек у горадзе і раёне: Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе рабіць прышчэпкі не менш чым 20% насельніцтва.

У Вілейцы і Мядзеле вакцыну супраць грыпу атрымалі і распачалі вакцынацыю 23 кастрычніка. У Ашмянах і Астраўцы – з 26 кастрычніка, у Смаргоні – з 29 кастрычніка. Валожынская цэнтральная бальніца пачала бясплатную вакцынацыю з 16 кастрычніка.

Святлана ЦІШКО.