Разам з кампазітарам і спеваком з ЗША Дэнам Кастэлам на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра 26 кастрычніка выступаў мясцовы саксафаніст.

Прычым іх сумеснае выступленне не было запланаваным: навучэнец Маладзечанскага музычнага вучылішча Мікалай Гуркін проста не ўтрымаўся і далучыўся з імправізацыяй.

У фае тэатра слухачоў сустракала трыо – навучэнцы музвучылішча саксафаністы Мікалай Гуркін і Андрэй Курэц і выпускнік гэтай навучальнай установы піяніст Павел Радына. Яны ігралі і ў перапынку.

Спецыяльна запрошаным госцем канцэрта “Дзівосныя песні пра жыццё з самага сэрца Нью-Ёрка” быў беларускі бард Зміцер Бартосік, які выступаў першым: праспяваў песні Уладзіміра Высоцкага, Булата Акуджавы і іншых у перакладзе Рыгора Барадуліна.

Дэн Кастэла (на здымку) мае і тэатральную адукацыю, таму падчас яго канцэрта не толькі гучалі песні пад акампанемент піяніна і гітары, але і знайшлося месца для пантамімы. Амерыканскі выканаўца ўвогуле вельмі нязмушана і свабодна трымаўся на сцэне, актыўна камунікаваў са слухачамі. Сярод слухачоў было шмат моладзі, якая добра разумела англійскую мову, таму пераклад не спатрэбіўся.

Некалькі песень разам з амерыканскім спеваком выканаў удзельнік аднаго з беларускіх хіп-хоп гуртоў Андрэй Цяпін. Менавіта падчас іх сумеснага выступлення з саксафоннай імправізацыяй далучыўся Мікалай Гуркін (на здымку – справа).

Дэн Кастэла ўжо выступіў у Мінску, Баранавічах, Віцебску, іншых гарадах Беларусі. У нашай краіне – упершыню. Зацікавіўся ёю пасля таго, як у сваім генеалагічным дрэве сярод ірландцаў і ўкраінцаў знайшоў беларусаў.

Аўтографы – усім!

Святлана ЦІШКО.

Фота Валерыя Трацяка.