Зоя Наўрось праводзе рэпетыцыю.

Ініцыятарам стварыць хор ветэранаў Вялікай Айчынай вайны і працы стала Лідзія Пашкоўская, доктар-тэрапеўт, якая некалі пераехала ў Вілейку. Ёй вельмі спадабаўся горад, але быў ён нейкім сумным. Яна падала ідэю арганізаваць хор былому старшыні гарвыканкама Пятру Галецкаму, які і падтрымаў яе прапанову.

Хор пачалі “збіраць” па арганізацыях і школах Вілейкі. Спачатку набралася толькі жаночая група, але ў хуткім часе далучыліся і мужчыны. Кіраўніком быў абраны дырэктар парку Аляксандр Махнач, які нязменна кіраваў спевакамі на працягу дваццаці гадоў.

Як расказвае цяперашняя кіраўніца народнага хору Зоя Наўрось, спачатку да іх прыходзілі аматары паспяваць народныя і патрыятычныя песні, якія выконваліся ў адна- і двухгалоссе. А калі пачалі далучацца мужчыны, творы атрымліваліся чатырох- і шасцігалосыя. Ды і рэпертуар нашмат павялічыўся.

– У нас было нямала выдатных салістаў, – кажа Зоя Наўрось. – Сярод іх Эдуард Ткачэнка, Іван Волах, Васіль Гатоўка, Міхаіл Пасрэднік, Эдуард Касарэўскі, Генрыета Буткевіч і Віктар Дубовік. Дзякуючы ім хор пераўтварыўся.

Неаднаразова “харавікі” прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах, музычных фестывалях не толькі раённых і абласных, але і рэспубліканскага маштабу. Па словах Зоі Сцяфанаўны, у 1991 годзе іх хор атрымаў званне народнага, якое яны заўсёды пацвярджалі.

– Кожны раз да нас прыходзілі новыя таленавітыя выканаўцы, якія ўмелі не толькі спяваць, але і іграць на музычных інструментах, – успамінае яна. – Мы нават свой аркестравы гурт стварылі. Ала Зайцава і Аляксандра Ануфрыенка ігралі на гітары, Іван Субач і Міхаіл Барысенка – на балалайцы, Сямён Галко і Аляксандр Субач – на скрыпцы. Я выконвала музычныя нумары на домры, а Аляксандр Махнач іграў на баяне.

Цяпер нас  27 ветэранаў. Гэта не проста хор, куды людзі прыйшлі паспяваць, а самы сапраўдны дружны і згуртаваны калектыў. Мы заўсёды наведваем адзін аднаго з самай рознай нагоды, разам адзначаем усе святы. Так калектыў хору святкаваў 90-гадовы юбілей Аляксандра Субача.

Ад самага заснавання хору да сённяшняга дня тут спяваюць Надзея Паштэт, Аляксандра Ануфрыенка, Ала Зайцава, Генрыета Буткевіч, Ларыса Паско, Анатоль Нікалаеў і Ала Хаустава.

Аляксандра Ануфрыенка, нягледзячы на свой узрост (а ёй 84 гады!), словы ў песнях запамінае вельмі лёгка.

– Хор для мяне – гэта прадаўжэнне жыцця, – гаворыць яна. – Музыка і песні стымулююць радасць. Сходзіш на рэпетыцыю і цэлы тыдзень добра сябе адчуваеш.   

Людміла Кузьміна спяваць пачала толькі два гады таму, але, як кажа, ужо без хору яна свайго жыцця не ўяўляе.

– Тут вельмі згуртаваны калектыў, дзе адпачываеш душой, – дзеліцца Людміла Кузьміна. – Нядаўна мы ўсе разам адзначалі мой 60-гадовы юбілей. Такога цудоўнага свята ў мяне яшчэ ніколі не было!

А Віктар Дубовік расказвае, што спявае ўсё жыццё. Ён і ў студэнцтве быў запявалам, і на працягу 26 гадоў службы ў ваенна-марскім флоце спяваў.

– Хор – гэта жыццё ў калектыве, якое з’яўляецца эліксірам здароўя, – гаворыць ён. – Хоць мне і 71 год, рэпетыцыі для мяне зусім не складаныя і песні запамінаюцца лёгка.

Падабаецца спяваць і Анатолю Нікалаеву. Ён, дарэчы, 38 гадоў выконваў музычныя творы падчас службы ў арміі.

– Песні са мной ідуць усё жыццё, а мне ўжо споўнілася 83 гадочкі – расказвае Анатоль Афанасьевіч. – Любімую песню вылучыць не магу, бо ўсе падабаюцца. А таго чалавека, які займаецца ў нашым хоры, я лічу доўгажыхаром.

Усевалад Шкадзінскі наведвае народны хор ветэранаў чатыры гады. (Фатаграфавацца спявак не захацеў, бо падчас гульні ў футбол за каманду ветэранаў ён атрымаў траўму).

– Мне вельмі падабаецца пець, асабліва рамансы, – кажа Усевалад Паўлавіч. – Калі я ляжаў у бальніцы, доктар выпадкова пачуў, як я спяваю. У выніку ён адмяніў мне ўсе лекі і параіў займацца ў хоры.   

Як кажа Зоя Сцяфанаўна, усе “харавікі” самыя сапраўдныя патрыёты справы. На рэпетыцыі ходзяць і ў дождж, і ў снег, і хворымі з тэмпературай… Яны сапраўдныя актывісты, якім песня дапамагае жыць, а музыка для іх – гэта і ёсць жыццё.

А 30 кастрычніка ў Палацы культуры пройдзе святочны канцэрт “Не старэюць душой ветэраны”, які прысвечаны круглай даце з дня заснавання хору і памяці яго кіраўніка Аляксандра Махнача. Дарэчы, адкрыюць канцэрт песняй “Ты ў маім сэрцы, Вілейка”, музыку да якой напісаў Аляксандр Махнач.

Надзея СТАНКЕВІЧ.

Фота аўтара.