– У 2007 годзе нагрузка на адну брыгаду за суткі ў сярэднім складала 10,9 выкліку, – кажа ён. – У 2008 годзе было 14, а ўжо сёлета за 10 месяцаў на адну брыгаду прыходзіцца 15 выездаў. З гэтага бачна, што рост выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі павялічыўся.

Адной з прычын стала закрыццё медвыцвярэзніка.
– Цяпер усіх п’яных забірае “хуткая дапамога” – расказвае Міхаіл Аляксандравіч. – Нам тэлефануюць з любой нагоды: ці хтосьці на вуліцы спіць, ці ляжыць на лаўцы. А так як медвыцвярэзніка больш няма, то нашы медработнікі завозяць іх у прыёмны пакой бальніцы №2. Там ёсць адна палата для такіх пацыентаў.

Выклікі пачасціліся і з-за таго, што ў паліклініцы не хапае дактароў. Чалавеку прасцей патэлефанаваць у “хуткую” чым стаяць у чарзе за талонам альбо чакаць прыходу ўчастковага доктара дома. Калі ж падлічыць ілжывыя выклікі, то ад 1 студзеня 2009 года да 19 кастрычніка 2009 года іх было 1097 ад агульнай

колькасці, што паступілі ў дыспетчарскую службу станцыі хуткай дапамогі.
З іх 467 разоў “хуткую дапамогу” выклікалі невядомыя людзі, якія бачылі, што на вуліцы ляжыць чалавек. 630 разоў медыкі прыязджалі да пацыентаў, якія пакідалі свае дадзеныя, а потым не жадалі сустракацца з брыгадай. 762 чалавекі не знаходзіліся на месцы выкліку, а 267 пацыентаў ўвогуле адмовіліся ад дапамогі.

Акрамя таго, было 7 выпадкаў калі ўказанае месцазнаходжанне хворага не было знойдзенае, таму што заведама альбо памылкова быў дадзены няправільны адрас. 66 разоў медыкі прыязджалі на выклік, а ім казалі, што хуткую ніхто не выклікаў.

Як сказаў Міхаіл Радзюкевіч, за суткі ў сярэднім бывае 170 выклікаў. Усе яны дзеляцца па ўзроставай групе. За 10 месяцаў гэтага года выклікі павялічыліся на 6,6%.

Калі меркаваць па структуры выклікаў, то на першым месцы (28,3 %) будуць захворванні органаў кровазвароту, другое (14,9%) займаюць абязбольванне і перавозка хворых у медыцынскую ўстанову, а на трэцім месцы (13,9%) знаходзяцца захворванні органаў дыхання. Астатнія 42,9% выклікаў “хуткай дапамогі” складаюць іншыя хваробы.

Усе тэлефанаванні на службу 103 дыспетчар пазначае, і размова, якая вядзецца паміж дыспетчарам і тым, хто патэлефанаваў, запісваецца на дыск. Захоўваецца гэта інфармацыя на працягу трох гадоў. І, па словах Міхаіла Радзюкевіча, калі паступаюць выклікі “хуткай дапамогі”, то ўсе дадзеныя пацыента перадаюцца ў паліклініку.

Нягледзячы на тое, як сказаў Міхаіл Аляксандравіч, што на станцыі працуюць 12 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, нагрузка на іх з кожным годам узрастае. З дванаццаці брыгад дзве спецыяльныя – педыятрычная брыгада і псіхічная, дзве інтэнсіўнай тэрапіі – выезды на інфаркты, інсульты, тры лінейныя доктарскія брыгады – на ўсе выклікі і пяць фельчарскіх брыгад.

– Пост хуткай дапамогі ёсць і ў Радашкавічах. Але там, як і ўсюды, таксама медыкаў не хапае, – гаворыць Міхаіл Радзюкевіч. – Што тычыцца выклікаў “хуткай” у сельскую мясцовасць, то нашы дыспетчары ў рабочы час стараюцца перадаваць выклік на фельчарска-акушэрскі пункт ці ў мясцовую амбулаторыю. А калі пацыенту неабходна своечасова аказаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, часцей за ўсё дыспетчары “хуткай дапамогі” адпраўляюць на раён машыну з Маладзечна.

Усе выклікі, што паступаюць на станцыю, размяркоўваюцца па чатырох накірунках. У першую чаргу абслугоўваюцца экстранныя (аварыя, кома, наезд на пешахода, нажавое ці агнястрэльныя раненні, павешанне, пажар). Выезд “хуткай” на гэты выклік дыспетчар павінны забяспечыць на працягу чатырох хвілін.

Аб тэрміновым (арытмія, астма, кровацячэнне, псіхоз, роды, сардэчны прыступ) дыспетчар паведамляе на працягу 15 хвілін. Каб аказаць неадкладную медыцынскую дапамогу (высокі ціск, тэмпература, алергія, рвота, боль сэрца) машына “хуткай” павінная быць адпраўленая ў тэрмін да 1 гадзіны. Выклікі па кансультацыі, абязбольванні, перавозцы хворых абслугоўваюцца на працягу 2 гадзін. Час на прыезд машыны службы 103 складае 10-15 хвілін па горадзе і 30 хвілін у сельскую мясцовасць.

На абслугоўванне аднаго выкліку, як сказаў Міхаіл Радзюкевіч, брыгада затрачвае дзесьці 44-46 хвілін. А большая колькасць званкоў паступае ў перыяд ад 17 гадзін вечара і да 24. У святочны дні за суткі бывае і да 300 выклікаў “хуткай”. Дактароў, па словах Міхаіла Аляксандравіча, заўсёды не хапае, ды і заробкі невялікія. Таму шмат хто працуе на паўтары стаўкі.

– Атрымліваецца як у тым анекдоце, – кажа Міхаіл Радзюкевіч, – на стаўку есці няма чаго, а на дзве – няма калі.

Надзея СТАНКЕВІЧ.