Абараняючы дзіця ад мікробаў, не варта парушаць мяжы разумнага: сустракаючыся з узбуджальнікам хваробы, арганізм вучыцца з ім змагацца. Якія правілы сапраўды варта выконваць, расказвае загадчыца першага педыятрычнага аддзялення дзіцячай паліклінікі Галіна Галавач.

– Галіна Рыгораўна, наколькі важна выконваць правілы гігіены ў адносінах да дзіцяці?

– Найбольш пільнага догляду патрабуюць нованароджаныя – дзеці да 28-дзённага ўзросту. У гэты перыяд яны адаптуюцца да жыцця ў абсалютна новых умовах – па-за ўлоннем маці.

Калі выкормліванне грудное, маці дастаткова штодзённа прымаць душ, апрацоўваць грудзі зялёнкай ці якімі іншымі сродкамі не трэба.

Калі дзіця на штучным выкормліванні, то бутэлечкі для малака трэба вымыць у 5-працэнтным растворы харчовай соды, прапаласкаць, затым абдаць кіпенем. Соску – добра вымыць і таксама абдаць кіпенем. Калі соска ці пустышка звалілася на падлогу, яе трэба добра вымыць, затым абліць гатаванай вадой. Ні ў якім разе маці ці іншы чалавек, які даглядае дзіця, не павінны аблізваць пустышку перад тым, як даць дзіцяці. Бо такім чынам яны перададуць усе свае мікробы. Асабліва актуальным гэта стала пасля адкрыцця мікробаў, якія выклікаюць гастрыт і язвавую хваробу страўніка.

Абмяжуйце колькасць гасцей у вашым доме, пакуль дзіця не дасягне хаця б трохмесячнага ўзросту. Калі вельмі хочацца наладзіць адведзіны, зрабіце гэта пазней: дарослыя могуць нават не здагадвацца, што з’яўляюцца носьбітамі хваробаў. Па гэтай самай прычыне гуляць лепш у парку, далей ад людзей і транспарту.

Пастарайцеся не дапусціць, каб дзіця гуляла з хатнімі жывёламі, якія бываюць на вуліцы: яны могуць быць пераносчыкамі заразных скурных хваробаў.

Пакуль не загоіцца пупочная ранка (а гэта 10-14 дзень жыцця), купаць дзіця трэба штодзённа ў слабым растворы марганцоўкі. Пасля можна ў звычайнай праточнай вадзе адпаведнай тэмпературы.

– Ці трэба кіпяціць першае дзіцячае адзенне?

– Пялёнкі і распашонкі кіпяціць неабавязкова. Абавязкова – прасаваць, пакуль не загоіцца пупковая ранка. Увогуле выбірайце дзіцячае адзенне, пашытае з натуральных матэрыялаў – бавоўны, ільну. Асабліва гэта тычыцца ніжняй бялізны. Натуральная тканіна не толькі дазваляе дыхаць скуры, але яе, у адрозненне ад сінтэтыкі, можна мыць і прасаваць пры высокай тэмпературы.

– Як параіце апрацоўваць адзенне, купленае ў магазіне Second Hand?

– Я не вельмі добра стаўлюся да ўжыванага дзіцячага адзення, набытага ў сетцы падобных магазінаў. Але калі ў сям’і няма магчымасці купіць новае, то дастаткова памыць з пральным парашком, высушыць і добра адпрасаваць.

– Рана ці позна, але давядзецца пусціць дзіця поўзаць. Якія ў такім выпадку гігіенічныя патрабаванні?

– Калі дзіця пачне поўзаць, месца для “прагулак” па падлозе выберыце такое, каб яго можна было прыбраць. Цацкі дастаткова перыядычна мыць вадой з мылам. Таму яны павінны быць зробленыя з пластмасы – мякенькія “пушысцікі” хай пачакаюць да года.

Увогуле прыбірацца ў доме трэба не менш аднаго разу на дзень. Падлогу з содавым растворам не варта мыць: пад каўпак жа малое не пасадзіш. У Мінску, расказвалі нам калегі, была мама, якая прысвяціла сябе падтрыманню гігіены ў доме: пыл выцірала з дэзінфікуючым растворам. А ля дзвярэй у яе ляжала анучка, змочаная ў растворы хлору. Яе дзіця, калі пайшло ў сад, не выбіралася з хваробаў. Яно было абсалютна не прыстасаванае да навакольнага асяроддзя. Здаровы ж арганізм, калі сустракаецца з узбуджальнікам хваробы, вучыцца з ім змагацца і запамінае атрыманы досвед.

– Значыць дзеці могуць гуляць у пясочніцы ў двары?

– Калі двор больш-менш дагледжаны, калі вы ведаеце, што там не выгульваюць сабак ці катоў і не высыпаюць у пясочніцу напаўняльнік з туалета для хатніх жывёл, то чаму не. Галоўнае, прыйшоўшы дадому, памыць рукі. Увогуле пасля любой прагулкі трэба мыць рукі: дзіця ж за парэнчы бралася, магчыма, падала на зямлю і г.д.

– Бывае, што бацькі не дагледзелі і малое паспела наесціся піражкоў з пяску ці падабраць з зямлі сухарык. Чым гэта пагражае?

– Дзіця можа захварэць на кішэчную інфекцыю, якая ў маленькіх дзяцей праходзіць надзвычай цяжка.

– У якім узросце арганізм ужо больш-менш абаронены ад інфекцый?

– Лічыцца, што імунная сістэма дзіцяці набліжаецца да ўзроўню дарослага чалавека ў 5 гадоў.

– Проста гуляючы па вуліцы, можна “падхапіць” якую-небудзь небяспечную хваробу?

– Цяпер вельмі ўзрасла захворвальнасць на туберкулёз. Інфекцыя трывалая, на людзях на вуліцы не напісана, хто здаровы, а хто не. Таму, напрыклад, у перапоўненым аўтобусе, калі нехта кашляе, лепш адвярніце сваё дзіця ў іншы бок. На ўсякі выпадак. Калі дзіця прышчапілі ў радзінным доме, то верагоднасць захварэць зводзіцца да мінімуму. Але гарантыі даць цяжка, усё залежыць ад колькасці ўзбуджальніка хваробы, яго агрэсіўнасці, ад падрыхтаванасці арганізма.

Святлана ЦІШКО.

Даведка “РГ”. 5-працэнтны раствор харчовай соды: на 100 мл вады – 1 чайная лыжка (5 г) соды.