Маладзечанскія футбалісты дзякуюць балельшчыкам за падтрымку. Дзякуй і вам, хлопцы!

Аляксандр Гармаза

Аляксандр Гармаза

На перадматчавай устаноўцы 25 кастрычніка галоўнаму трэнеру “Маладзечна” Аляксандру Гармазе не трэба было шмат гаварыць. Хлопцы самі ўсё цудоўна разумелі: каб заваяваць бронзавыя медалі, нам усяго толькі трэба выйграць у Калінкавічаў…

Вiталь Казяк

Вiталь Казяк

“У выніку мы выйшлі на поле і ўсё расставілі па сваіх месцах, – сказаў пасля гульні трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк. – І гэта нягледзячы на тое, што Дараховіч, Вышынскі і Макрыцкі былі не вельмі здаровыя перад гульнёй, што “Вертыкаль” рыхтавалася даць нам бой, нават прыехала ў Маладзечна за дзень да матча. Але нашы ветэраны забыліся пра свае балячкі, плюс матывацыя, плюс балельшчыкі, плюс ажыятаж. Каманда была адным цэлым. І справу мы зрабілі”.

Справа пачала рабіцца ад першых хвілін сустрэчы. Спачатку з выгаднай пазіцыі не забіў Сяргей Космач, на 9 хвіліне з-за межаў штрафной пляцоўкі ў левую ад варатара штангу стрэліў Дзмітры Вышынскі, яшчэ праз некалькі хвілін свой шанс не выкарыстаў Аляксандр Грыхуцік.

Першы гол адбыўся на 26 хвіліне. У патрэбны час у патрэбным месцы аказаўся Космач. Сяргей дабіў мяч у вароты, калі пасля прабіцця штрафнога ён ад штангі адляцеў у поле – 1:0. З такім лікам скончылася першая палова гульні.

Мінімальная перавага гаспадароў пасля першага тайма, здавалася, не прадракала разгрому. Але скончыўся перапынак, і нашы залёталі, бы на крылах. Не даваў спакою сапернікам на правым флангу Віталь Макрыцкі, быццам бы і не адчуваў болю ў спіне.

На замену выйшаў Сяргей Корсак, якому спатрэбіліся толькі тры хвіліны, каб даказаць, што выйшаў недарэмна. Нападаючы на 48 хвіліне скарыстаў перадачу злева – 2:0. Прэсінг на вароты гасцей, якія здаваліся крыху збянтэжанымі, працягваўся.

На 56 хвіліне Космач робіць лік 3:0. Праз 10 хвілін Корсак, відаць, вырашыў паспрачацца ў колькасці забітага з сябрам і цёзкам, калегам па амплуа. Дапамог яму ў гэтым Віталь Чарноў, дакладна злева выклаўшы мяч пад удар – 4:0. І ўсё ж жаданне Космача стаць лепшым бамбардзірам чэмпіянату не было жартоўным. На 72 хвіліне Сяргей ставіць кропку ў гульні – 5:0. І з 19 мячамі ўзначальвае спіс лепшых бамбардзіраў другой лігі сезона-2009.

Парадаваў балельшчыкаў таксама поспех нашага 19-гадовага нападаючага Сяргея Космача. Сяргей стаў лепшым бамбардзірам турніру, забіўшы ў вароты сапернікаў 19 галоў у 26 гульнях. Трэцяе месца ў спрэчцы бамбардзіраў з 12 галамі заняў яго калега па амплуа Сяргей Корсак.

“Хлопцы малайцы! У нас склаўся добры калектыў, добрая каманда, – сказаў у інтэрв’ю “РГ”, падводзячы вынікі выступлення сваіх падапечных, галоўны трэнер “Маладзечна” Аляксандр Гармаза. – Галоўнае, што футбалісты ўвесь сезон патрабавальна і прафесійна ставіліся да сваіх абавязкаў. Нікога не хачу выдзяляць. Адказна адпрацавалі ўсе”.

Звычайна стрыманы ў каментарыях і прагнозах па ходзе сезона, Аляксандр Гармаза пасля яго заканчэння прызнаецца: трапіць у прызёры думалі, планавалі. Нягледзячы на тое, што некаторыя скептыкі не верылі ў такі поспех каманды.

Падчас інтэрв’ю нашаму выданню ў словах галоўнага трэнера было больш прагматызму, чым задавальнення дасягнутым толькі што вынікам. Эйфарыя пасля гульні з Калінкавічамі скончылася. Аляксандр Гармаза кажа: цяпер трэба ставіць іншыя задачы.

У міжсезонне важна не толькі захаваць каманду, але і не спыняцца ў рабоце, удасканальваць майстэрства, а на наступны год ставіць яшчэ больш амбіцыйныя задачы. Па словах трэнера, ён спадзяецца на разуменне і дапамогу кіраўнікоў Маладзечанскага раёна. Немагчыма дапусціць, каб, напрыклад, тыя ж Космач з Корсакам вымушаныя былі ў наступным сезоне шукаць для сябе больш прывабныя прапановы ад іншых клубаў.

Што ж, пакуль пачакаем узнагароджання ад Федэрацыі футбола, якое павінна адбыцца, калі закончыцца сезон ва ўсіх лігах чэмпіянату Беларусі. Звычайна ўзнагароджваюць ў снежні.

У апошнім туры “Слуцкцукар”, які спрачаўся з намі за бронзу, у гасцях саступіў “Асіповічам”. Такім чынам, нават каб “Маладзечна” прайграла “Вертыкалі”, мы ўсё адно сталі б трэцімі з-за лепшай розніцы забітых і прапушчаных мячоў. Але гэта не робіць менш значнай нашу перамогу ў апошняй гульні сезона. Тым больш, што, па словах Віталя Казяка, перад матчам ніхто і не думаў пра тое, як там згуляе Слуцк. Усе думалі толькі пра перамогу. І на радасць удзячным балельшчыкам дабіліся яе. Пераканаўча і прыгожа.

Выніковая табліца:

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.