Гэты факт для “РГ” пацвердзілі афіцыйныя асобы.

Пошукі салдатаў унутраных войскаў са службовымі сабакамі не прыносілі плёну. У аўторак, 20 кастрычніка, каля паловы другой гадзіны дня жыхарка Мядзела Тэрэса Іванчанка з дому паехала на веласіпедзе ў журавіны. Да ляснога балота ад дома жанчыны прыкладна тры кіламетры.

“Я даехала да лесу, прабіралася праз кусты і раптам заўважыла на ўскрайку балота нейкі прадмет, – расказвае ў інтэрв’ю “РГ” Тэрэса Стафанаўна. – Спачатку падумала, што гэта мех са смеццем. Падышла бліжэй, бачу – жанчына. Хоць было страшна, я агледзела яе. Пад целам быў кавалак цыраты, галава накрытая хусткай”.

Дачка Тэрэсы Іванчанкі працуе ў санаторыі, дзе адпачывала грамадзянка Расіі, таму пра яе знікненне жанчына ведала ад першага дня. Знайшоўшы ля балота цела, Тэрэса Стафанаўна не сумнявалася – гэта тая самая зніклая.

“Думаю, яна ішла на гул машын у бок дарогі, – мяркуе жанчына. – Ад таго месца, дзе я знайшла цела, да поля ўсяго метраў дзесяць, не больш за два кіламетры да дарогі. Хутчэй за ўсё, на шляху яе застала ноч, і няшчасная не ведала, што вызваленне побач”.

Тэрэса Іванчанка адразу пасля таго, як знайшла цела, выйшла на дарогу, спыніла машыну, якую вёў знаёмы. Па яго мабільным тэлефоне пазванілі ў міліцыю. Потым жанчына яшчэ паўгадзіны чакала супрацоўнікаў міліцыі на дарозе, а пасля правяла іх да памерлай.

Тэрэса Стафанаўна адзначае: самі міліцыянеры казалі, што наўрад ці на адлегласці ў 15 кіламетрах ад санаторыя расіянку б знайшлі. Пошукі праводзіліся ў радыусе пяці кіламетраў.

Госця з Расіі не першы год адпачывала на Нарачы. 13 кастрычніка каля 16 гадзін яна пайшла пагуляць на бераг возера і знікла. Начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў абласной міліцыі Аляксандр Шункевіч паведаміў “РГ”: медыцынская судовая экспертыза пацвердзіла папярэднюю прычыну смерці расіянкі – пераахаладжэнне.

Сяргей ЗЯНЬКО.