Добраахвотна адмовіцца ад самагонаварэння прапануе міліцыя жыхарам горада і раёна. Акцыя “Здай сам самагонны апарат” пройдзе ўпершыню ў Беларусі ад 2 да 8 лістапада па ініцыятыве начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргея Бурдаса.
Свядомыя самагоншчыкі, якія вырашаць кінуць свой занятак, будуць вызваленыя ад адміністрацыйнай адказнасці. Міліцыя гарантуе ананімнасць, а таксама возьме на сябе ўсе клопаты па дэмантажы, вывазе і ўтылізацыі апаратаў. Калі вы вырашылі здаць свой самагонны апарат, вам дастаткова пазваніць у райаддзел міліцыі па тэлефоне 7-44-11 альбо па тэлефоне 102.