Арганізатарамі мерапрыемства сталі раённы Дом культуры і тэрытарыяльны цэнтр. Святочная праграма пачалася а 17 гадзіне вечара. На сцэне кінаканцэртнай залы выступалі самадзейныя калектывы Астравецкага раёна.

У інтэрв’ю “РГ” Вольга Турубарава, дырэктар раённага метадычнага цэнтра, паведаміла, што людзі не засталіся раўнадушнымі і адклікнуліся, каб дапамагчы хворым дзеткам.

– Білетаў было прададзена больш, чым маецца месцаў, – расказвае Вольга Турубарава. – Таму прыйшлося ставіць прыстаўныя крэслы. Прыемна, што на канцэрт народ набываў білеты па ўласным жаданні. Кожнаму хацелася дапамагчы.  

Грошы хворым дзецям (а іх у Астраўцы зарэгістравана 5 чалавек рознага ўзросту – з маленства і да 15 гадоў) пералічвалі і самі людзі, і прадпрыемствы. Па словах Вольгі Турубаравай, вялікую дапамогу аказала будаўнічая арганізацыя МПМК-158. Яны пералічылі для дзяцей 500 тысяч рублёў.

– Мы вельмі ганарымся, – кажа Вольга Турубарава, – што ў Астраўцы ёсць такія людзі, якія не ставяцца абыякава да праблем іншых. Мы рады, што на самой справе можам хоць чым-небудзь дапамагчы хворым дзеткам. Таму што дзіцячую анкалогію можна вылечыць.

Надзея СТАНКЕВІЧ.