Прапануем нашым чытачам артыкул з газеты за 2008 год №28 у сувязі з папаўненем фотагалерэі. Свой  дзень нараджэння горад адзначаў тры дні (3-5 ліпеня 2008 г.). Трансляцыяй радыёгазеты пачалося і грандыёзным феерверкам закончылася свята, прысвечанае 620-годдзю Маладзечна.

Атмасфера свята панавала ўсюды: у парку Перамогі, дзе праходзілі конкурсы, выставы і канцэрты, на Цэнтральнай плошчы, дзе выступалі лепшыя артысты і калектывы мастацкай самадзейнасці, на міні-кірмашах, дзе народныя ўмельцы прадавалі карзіны, пацеркі, упрыгожванні і… валёнкі.

Фота са свята глядзіце тут.

Гараджане і госці Маладзечна не шкадавалі грошай на кнігі, ласаваліся шашлыкамі, частаваліся салодкай ватай, з задавальненнем куплялі прадукцыю мясцовых прадпрыемстваў і сем’ямі ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, якія былі разлічаныя на любы густ і ўзрост.

Урачыстым быў мітынг, прысвечаны Дню Рэспублікі, і крышку сумным адкрыццё помніка ўдзельнікам баявых аперацый у іншых краінах, што прайшлі 3 ліпеня. З цікавасцю сачылі прысутныя за конкурсам малюнка на асфальце і з задавальненнем частаваліся салдацкай кашай. Вечарам гэтага ж дня моладзь весялілася на дыскатэцы ля Палаца культуры.

Чацвертага ліпеня горад-імяніннік прымаў дэлегацыі з гарадоў і раёнаў-партнёраў, радаваў гараджан канцэртам, узнагароджваў ганаровых грамадзян, лепшых людзей Маладзечна. А раніцу 5 ліпеня пачаў шэсцем духавых аркестраў, якія прайшлі ад музычнага вучылішча да Цэнтральнай плошчы горада, дзе музыкантаў ужо сустракалі гараджане і шматлікія госці, што прыехалі на свята.

Толькі-толькі сціхлі гукі аркестра, як на сцэне пачалася канцэртная праграма “Спяваем табе, Маладзечна” з удзелам вядучых калектываў і выканаўцаў з усіх куточкаў рэгіёну, творчых калектываў – гасцей горада. Сярод іх быў народны ансамбль беларускай песні “Сябрына”, што прыехаў з Браслаўскага раёна, і больш блізкі сусед – вакальны ансамбль “Суквецце” з Вілейкі, які выконваў беларускія і ўкраінскія народныя песні. Павесялілі слухачоў песнямі “Ты ж мяне підманула”, што прагучала ў іх выкананні, а таксама “Чорна рэдзька”, якую многія пачулі ўпершыню. Запомніўся і вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры”, які прадстаўляў шклозавод “Нёман” і прыехаў на свята з Бярозаўкі.

Дарэчы, прывёз у Маладзечна “Нёман” не толькі артыстаў. На вуліцы Прытыцкага, дзе размясцілі сваю прадукцыю народныя майстры, была разгорнутая палатка шклозавода з вялікім выбарам посуду. А  “Горад майстроў”! Чаго ён толькі ні прапаноўваў: пацеркі, завушніцы, лазовыя вырабы, сурвэткі, саламяныя капелюшы, шэранькія валёнкі з вышыўкай розных памераў, маленькія шкатулкі для ўпрыгожванняў і цэлыя шкатулішчы, шалікі з казінага пуху, вязаныя шкарпэткі і шмат чаго іншага. Варта зазначыць, што гандаль ішоў бойка, а асноўнымі пакупнікамі былі жанчыны і дзяўчаты, якія шмат часу праводзілі ля прылаўкаў з біжутэрыяй і іншымі ўпрыгожваннямі.

Прапаноўвалі ў гэтыя дні сваю прадукцыю і маладзечанскія прадпрыемствы. “Свойскі смак” – так называлася выстава-кірмаш сельскагаспадарчай і перапрацоўчай прамысловасці, дзе можна было не толькі купіць якой-небудзь смакаты, але і перад гэтым пакаштаваць яе. Рознымі гатункамі хлеба частаваў народ Маладзечанскі хлебазавод, малочнай прадукцыяй – масласырзавод, сокамі – мясцовы харчовы камбінат. Дзяўчына ў прыгожым ружовым уборы ў гандлёвай палатцы з надпісам “Конфа” прапаноўвала пакупнікам пакаштаваць зефір, вафлі, пячэнне.

Бліжэй да 15 гадзін на Цэнтральнай плошчы горада з’явіліся вясельныя картэжы. І як толькі на сцэне закончыўся паказ цырульніцкага майстэрства і лепшых калекцый швейных прадпрыемстваў горада, пачалася ўрачыстая рэгістрацыя шлюбаў. Сем маладых пар вырашылі злучыць свае лёсы ў гэты дзень. “Паглядзіце, нашы самыя прыгожыя”, –  перагаворваліся паміж сабой госці і з захапленнем пазіралі на сцэну. Падпсаваў цырымонію хіба што дождж, які акурат у гэты момант спорна пасыпаўся з неба. Некаторыя запрошаныя хуценька пабеглі хавацца ў машыны, але большасць, параскрываўшы парасоны, усё ж засталася стаяць ля сцэны, каб падзяліць з маладымі радасць іх першай сямейнай урачыстасці.

У дзевяць гадзін вечара ў суботу пачалося тэатралізаванае прадстаўленне “Шануем цябе, Маладзечна”, у якім прынялі ўдзел як мясцовыя артысты, так і зоркі беларускай эстрады. Для маладзечанцаў спявалі “Песняры”, Пётр Ялфімаў, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Аляксандр Саладуха і іншыя выканаўцы. А апоўначы горад асвяціў святочны феерверк, якім і закончылася свята.

Марына СЛІЖ.

Фота са свята глядзіце тут.