На харэаграфічным аддзяленні каледжа мастацтваў вучыцца чэмпіёнка Еўропы па каратэ Наталля Цялюкіна. Пра сябе і свае дасягненні яна расказала “РГ”.

Наташа нарадзілася ў Валожынскім раёне. Пасля сям’я пераехала ў Маладзечна. Калі дзяўчыне споўнілася 6 гадоў, маці адвяла яе ў гурток па каратэ.

Першая перамога – у сем гадоў

– Я была самая маленькая ў класе, – расказвае Наталля. – І, каб ніхто не крыўдзіў, мама вырашыла запісаць мяне ў гурток па каратэ.

Сваю першую ўзнагароду Наташа атрымала ў сем гадоў. Тады яна выступала на спаборніцтвах за Кубак Дзеда Мароза ў Калінінградзе. Заняла першае месца па кумітэ і другое  месца ў раздзеле ката.
За час заняткаў каратэ было нямала паездак. Ёсць і самыя запамінальныя спаборніцтвы.

У 2002 годзе ў Мінску  праходзіў Чэмпіянат свету па каратэ. Наталля Цялюкіна выступала ва ўзроставай катэгорыі 10-12 гадоў і заняла трэцяе месца.

Пасля аднаго чэмпіянату дзяўчына паехала на другі – у 2005 годзе ў Сербіі праходзіў Чэмпіянат Еўропы па каратэ. У Белградзе Наташа атрымала першае месца і стала чэмпіёнкай Еўропы у сваёй узроставай катэгорыі – ёй было трынаццаць гадоў.

“Калі ўсе спалі, я бегла на гімнастыку”

– Цяпер каратэ я займаюся самастойна, – гаворыць Наталля Цялюкіна. – А маім першым і апошнім трэнерам быў Сяргей Хадасевіч. Але падчас вучобы ў школе я хадзіла не толькі ў гурток па каратэ. З падрыхтоўчага класа займалася гімнастыкай і цыркавым мастацтвам.

Напэўна, той час быў самы цяжкі – калі ўсе дзеці ў абед клаліся спаць, я бегла на гімнастыку. І адпачынак у мяне быў толькі летам. Але я ні аб чым не шкадую. Проста гэта ўсё было неабходным.
У школе і вучні, і настаўнікі ставіліся да яе з павагай. Некаторыя дзеці нават баяліся маленькую каратыстку. Па словах Наташы, былі выпадкі, што прыходзілася даваць здачы.

– Калі гаварыць пра школьныя заняткі, – кажа дзяўчына, – то я іх амаль не помню. З-за спаборніцтваў мне вельмі часта даводзілася прапускаць урокі. Але настаўнікі ўсё разумелі. Пасля 10-га класа (па дванаццацігадовай сістэме адукацыі) я ў самы апошні дзень прыёму дакументаў вырашыла паступаць на харэаграфічнае аддзяленне. Прынесла дакументы, без хвалявання здала ўступныя экзамены – танец і дыктант па мове – і паступіла.

Заўсёды ўпэўненая ў сабе

Са слоў Наташы, калі ехала на спаборніцтвы, ні разу не было такога, каб яна баялася свайго саперніка. Хваляванне, можа, і было, але зусім трошкі. Дзяўчына заўсёды выходзіла ўпэўненай у сабе. Таму яна і мае не адзін дзесятак дыпломаў і медалёў.

– Я ўдзельнічала не толькі ў спаборніцтвах па каратэ, – гаворыць Наташа Цялюкіна. – Неаднойчы мне даводзілася выступаць і з гімнастычнымі нумарамі. Той колькасцю дыпломаў і медалёў, што я атрымала, можна было б абклеіць не адну сцяну ў пакоі.

“Піражкі і булкі не ем з дзяцінства”

Як кажа Наташа, самыя каштоўныя для яе не атрыманыя прызы, а медалі. Асабліва са спаборніцтваў, якія праходзілі ў Сербіі і Эстоніі.

– Пасля чэмпіянатаў, – кажа дзяўчына, – у горадзе мяне пачалі пазнаваць. Ідучы па вуліцы, неаднаразова чулася, як людзі шапталіся паміж сабой: “Гэта ж чэмпіёнка па каратэ!” Часта хлопчыкі смяяліся, ці можа такая маленькая дзяўчынка іх пабіць. Было і такое, што неаднойчы прыходзілася пастаяць за сябе.

Дарэчы, каб займацца каратэ, па словах Наташы, ніякія дыеты і абмежаванні ў ежы не патрэбныя.
– Я заўсёды ўжывала ў ежу тое, што хацела, – гаворыць каратыстка. – Адно, што я не ем, – гэта піражкі і булачкі. Яны мне не падабаюцца яшчэ з дзяцінства. Бывае, што неабходна пахудзець на адзін-два кілаграмы. Тады я надзяваю свой цыратавы касцюм і іду на стадыён бегаць. Гэты спосаб я лічу самым лепшым.

Надзея СТАНКЕВІЧ.

Фота аўтара.