У пераможцах першага рэспубліканскага фотаконкурсу “Беларусь – гэта мы”, які праводзіўся цягам пяці месяцаў газетай “Беларускі час”, аказаўся фотааўтар “РГ” Андрэй Рогач.

 

Фота Аляксандра Паршукава.

У катэгорыі “Лепшы фатограф-прафесіянал” Андрэй заняў трэцяе месца. Аднак старшыня журы і рэдактар газеты “Беларускі час” у адной асобе Алена Манкевіч была прыемна ўражаная ўзростам пераможцы – хлопцу ўсяго 22, ён наймаладзейшы сярод узнагароджаных калег:

– Шчыра кажучы, на цырымоніі мы чакалі ўбачыць значна сталейшага чалавека – так падказвалі працы – глыбокія, насычаныя. Яны вартыя першага месца, але не “ўзялі” золата толькі таму, што выпалі з фармату конкурсу. Працы Андрэя крыху… сумныя. Але ўзровень вельмі высокі, таму будзем спадзявацца бачыць яго фатаграфіі на наступных конкурсах – у хлопца ёсць усе шансы.

Сам Андрэй прафесіяналам сябе не лічыць. Звычайна ў фотаконкурсах прафесіяналам выступае той, хто зарабляе фатаграфіяй грошы.

– Я неаднаразова да гэтага ўдзельнічаў у конкурсах, аднак пазбягаў катэгорыі “Прафесіянал”, – распавядае Андрэй. – Гэтым разам вырашыў ускладніць сабе задачу. Прыемна змагацца з моцнымі – такімі, як пераможца Віктар Стралкоўскі.

Землякі

На конкурсе перамаглі тры працы Андрэя. На ўсіх трох – звычайныя беларускія людзі, Андрэевы землякі і сваякі.

Фота Андрэя Рогача.

– На адным фотаздымку – мой дзед. Я сфатаграфаваў яго летась на ягонай кухні разам з гарбузом, што ляжаў на стале. Хадзіў запісваць гісторыі з яго жыцця, якія планаваў выкласці ў сваім блогу. Гісторыі ж вымагалі выявы расказчыка. Заплюшчаныя вочы – не пастаноўка, а выпадковасць. Мне падабаецца, што ў партрэце ёсць схаваная ўсмешка, накшталт моналізаўскай – яна, напэўна, з’явілася вынікам дзедавых успамінаў, за якімі я і прыходзіў.

Фота Андрэя Рогача.

Яшчэ адзін фотаздымак – партрэт армяніна Арэна Манучар’яна – у Смаргоні ён адзін з лепшых у справе абутковага рамонту. Фота рабілася для “Рэгіянальнай газеты” ў якасці ілюстрацыі да артыкула пра Арэна і яго ўспаміны пра Арменію. На фота святло вельмі ўдала кладзецца на рукі, якімі ён працуе. Фотаздымакатрымаўся па-за часам і з-за таго крыху нерэальны.

Фота Андрэя Рогача.

На фотаздымку з хлопчыкам на першым плане мне пашчасціла схапіць момант, калі ён нарэшце стаміўся ад бегатні і спыніўся, каб перадыхнуць. Ён стаў пасярод вясковай кухні і скрыжаваў рукі гэтак жа, як і дзядуля ў яго за спіной. І на імгненне іх сувязь і сувязь пакаленняў стала такой відавочнай, што я ледзь не ўпусціў момант ад заварожанасці сітуацыяй. Гэта было свята – юбілей дзядулі ў вёсцы Паніжаны Смаргонскага раёна. Зручнае поле дзейнасці для фатографа: усе занятыя справамі – падаць на стол, прыбраць, падняць тост, паспяваць, патанчыць. Я заставаўся нябачным – для фатографа гэта найлепшы стан. Людзі не прыбіраюцца перад люстэркам, не дэманструюць дзяжурныя ўсмешкі, а проста жывуць у кадры.

Фатаграфія павінна гаварыць

Андрэй займаецца фатаграфіяй чатыры гады і за гэты кароткі час стаў даволі вядомай фігурай у фатаграфічных колах – беларускіх і не толькі. Ён жыве ў Смаргоні – тут пачувае сябе значна лепш, чым у Маскве, дзе яшчэ пару год таму жыў і вучыўся.

– Раней людзі імкнуліся ў вялікія гарады, каб паказаць свае ўменні больш шырокаму колу. Цяпер гэта можна зрабіць праз Інтэрнэт, не выходзячы з кватэры. Так атрымалася і ў мяне – выстаўляў свае працы на фотасайтах, завёў блог на livejournal.com, удзельнічаў у конкурсах.

Я займаюся мастацкай пастановачнай фатаграфіяй, здымкі, паказаныя на выставе “Беларусь – гэта мы”, больш выключэнне з правілаў, не зусім тыпова для мяне. Але апошнім часам я ўпадабаў партрэтны жанр. Фатаграфую людзей, твары якіх могуць расказаць гісторыю, бо да фатаграфіі язык не прылепіш – яна сама павінна гаварыць.

І яшчэ кажуць, што чалавек у дваццаць гадоў мае такі твар, які яму дала прырода, у трыццаць – які ён сам сабе стварыў, а пасля пяцідзесяці – той, які ён заслужыў. Найбольш за ўсё мяне цікавяць дзве апошнія катэгорыі, бо гэтыя твары найчасцей могуць распавесці штосьці значнае. Маладыя часта хочуць выглядаць іншымі перад камерай. Але, звычайна, чым сталей чалавек становіцца, тым натуральней ён сябе паводзіць.
Не трэба думаць, што ўбачыў фактурнае аблічча – шчоўк! – і суперфота. Перад гэтым “шчоўк!” часта трэба разгаварыць чалавека або нейкім іншым чынам выклікаць якіясьці пачуцці, каб аб’ектыў не скоўваў яго.

Ёсць жаданне займацца і камерцыйнай здымкай, але пакуль няма адпаведнай тэхнічнай базы. Калі зарабляць фатаграфіяй грошы, то трэба рабіць гэта якасна, а не праз здымкі нявест на далоньцы. Я крытычна стаўлюся да сваіх здымкаў, шмат здымаю і шмат выбракоўваю. На агляд выкладаю вельмі малую частку прац – не хочацца смеціць.

Святлана СТАНКЕВІЧ.

Фота Андрэя Рогача.

Фота Андрэя Рогача.