Запрацаваў форум нашага выдання. Менш чым за тыдзень наведвальнасць гэтай часткі нашай віртуальнай прасторы пераваліла за тысячу.

Прывітанне, шаноўныя сябры!

Днямі знаёмы быль распавёў.

14-га лістапада маладзечанскія сувязісты мяняюць парадак набору нумароў. Скрозь і ва ўсіх. Аўтаматычная паненка пачала абзвон з папярэджаннем аб гэтым усіх абанентаў. І голас ў яе не задрыжыць:)

Што новага ў зоне rh.by?

Запрацаваў форум нашага выдання. Пакуль ў ім два раздзелы. У адным абмяркоўваюцца публікацыі нашага сайта, у другім – прапаноўваюцца новыя тэмы. Менш чым за тыдзень наведвальнасць гэтай часткі нашай віртуальнай прасторы пераваліла за тысячу. Але больш важна тое, што мы сапраўды адчуваем добрую зваротную сувязь і тое, што рэсурс запатрабаваны.

З інтэрнэтам можна паверыць ў цуды. Калі раней газетчыкі мясцовага выдання маглі марыць пра тое, што чытаць яго будуць не толькі ў рэгіёне, а і па ўсёй краіне. Больш таго – далёка за яе межамі.

Наша геаграфія

Ад таго часу, а гэта крыху больш за 2 месяцы, як мы пачалі сачыць за статыстыкай, наш сайт наведвалі карыстачы з 36 краін. Праўда адна з іх мае назву not set – не вызначана. Першая дзесятка выглядае наступным чынам:

1. Беларусь (ну, ўразумела, мы ўсюды лідэрыJ)

2. Расія

3. Германія

4. Not set

5. Польшча

6. Украіна

7. Злучаныя Штаты

8. Літва

9. Бразілія

10. Швецыя

Калі чытаюць наш сайт?

Больш – у рабочыя дні. У суботу, нядзелю – адцягваемся на прыродзе, у канцэртных залах і г.д. Карацей, мы нічым у гэтым сэнсе не адрозніваемся ад іншых. Такія тэндэнцыі ў большасці інфармацыйных рэсурсаў.

А як на працягу сутак паводзіць сябе прыхільнік rh.by?

Глыбокай ноччу – спіць. Максімум наведванняў наступае ў 15.00 і працягваецца да 16.00. Спецыялісты гэту з’яву тлумачаць вельмі проста: інтэрнэт больш даступны на працоўным месцы. Я б сказаў, больш выгадны для сваёй кішэні. Пасля, каму трэба навіны глыбокай ноччу? Спаць трэба.

Што турбуе?

Вельмі хутка “раслі ў рэйтынгу” тэмы, звязаныя з грыпам. І, у прыватнасці, пра тое, што маскі ў аптэках скончыліся.

Не адставала па тэмпах росту папулярнасці  і гутарка з Дзядзькам Капцюгом, архітэктарам і аўтарам “Школкі Дзядзькі Капцюга”.

На форуме змястоўным і цікавым, на мой погляд, было абмеркаванне праблем альтэрнатыўнай энэргетыкі. Скептыкі (удзельнік абмеркавання SVG, напрыклад) сцвярджалі, што пры цяперашніх тарыфах і спажыванні ў месяц у 200 кВт*гадзіну сонечныя батарэі акупяцца толькі праз 34 гады. Аптымісты (Sara) сцвярджалі, што ведаюць людзей, якія такой энэргіяй карыстаюцца.

Наведвальнікаў форуму цікавяць, калі беларусы, урэшце, пачнуць атрымліваць нармальную зарплату. Kabanchik напісаў, што “адразу пасля таго, як перастанем красці на рабоце, гадзіць на вуліцы і ў пад’ездах, прапаноўваць хабар…”

Vitalikа хвалюе пытанне, чаму апошнім часам стала больш тых, хто здае бутэлькі: “Хаджу я кожны дзень праз два пункты прыёму шклотары і ўжо апошнія два гады заўважаю незразумелы рост кліентаў у гэтай арганізацыі. Гэта ад добрага жыцця яны туды ходзяць ці ад павышэння экалагічнай культуры?”

Пытанні, што ставіць жыццё

Усе пытанні, якія перад намі ставіць жыццё, мы здольныя вырашыць. Часам самі, часам з чыёйсьці дапамогай. І такое пытанне паўстала перад намі, калі мы адкрылі сайт. Што рабіць з назвай маладзёжнай старонкай “Форум”? У нашым жыцці з’явіўся яе цёзка – форум “РГ” у інтэрнэце. Але ўпэўнены, што выйсце знойдзем. Не без тваёй дапамогай, дарагі чытач.

А пакуль да новых сустрэч на старонках “РГ” кожную пятніцу і старонках нашага сайта ў Інтэрнэце штодня.

З павагай ваш

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Абмяркуй публікацыю на форуме.