Дыплом з прэфектуры Канагава Японіі атрымала вучаніца мастацкай школы Лія Гештарова. Яна стала пераможцай міжнароднага конкурсу юных мастакоў “Нацыянальныя традыцыі і культура”.
Удзел у творчым турніры прымалі дзеці з 80 краін свету, і маладзечанка выйшла ў фінал, а потым і ў лік пераможцаў. Яе малюнак будзе змешчаны у спецыяльным каталогу работ юных мастакоў свету.
– Я працавала над сваёй карцінай месяц, – расказвае Лія. – Намалявала жанчыну ў беларускім нацыянальным касцюме, якая ўвасабляе ў сабе мінулае, сённяшняе і будучае нашай краіны. Таксама з маім настаўнікам мы размясцілі на палатне выявы Мірскага замка, Нацыянальную бібліятэку ў Мінску і Хатынь.
Перамога ў Японіі – далёка не першая, а настаўнікі спадзяюцца – не без падстаў – што і не апошняя. Дзяўчынка мае шмат узнагарод з рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Вось і зусім нядаўна яна заняла другое і трэцяе месцы ў абласной арт-сесіі ў розных жанравых намінацыях.
– Лія – не толькі таленавітая вучаніца, але і вельмі працалюбівая, мэтанакіраваная. Неяк мы падрыхтавалі работу, а потым аказалася, што патрэбны быў – па ўмовах конкурсу – меншы фармат. Дык яна за суткі дома перарабіла ўвесь малюнак, – расказвае выкладчык дзіцячай мастацкай школы Васіль Лазоўскі.
Першая персанальная выстава дзяўчынкі адбылася, кал ёй усяго было толькі 5 год. Сёння, акрамя мастацкай школы, яна паспяхова вучыцца ў 5 класе гімназіі №7 і наведвае студыю бальных танцаў. А што тычыцца творчасці, то больш за ўсё ёй падабаецца працаваць над кампазіцыяй і жывапісам.
Ганарацца выкладчыкі перамогамі і іншых сваіх выхаванцаў. Сёлета, напрыклад, работы юных мастакоў адпраўляліся ў Арабскія Эміраты і на Тайвань, у Чэхію, Польшчу, Эстонію, Азербайджан, і кожны конкурс абавязкова прыносіць новыя імёны юных талентаў.
Між іншым, за апошнія два гады філіялы маладзечанскай ДМШ адкрыліся і ў раёне – у вёсках Хажова і Лебедзева. Значыць, будзе больш не толькі дыпломаў і грамат у скарбонцы школы, але (і гэта, думаю, галоўнае) і больш дзяцей зможа адчуць сябе творцамі, адкрываючы ў навакольным свеце новыя грані колераў і адценняў.
Святлана МАРХЕЛАВА, вучаніца 11 класа гімназіі №10 горада Маладзечна.