Інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова паведаміла “РГ”: ва ўсіх трох выпадках прычыны ўзгаранняў былі розныя.

Кароткае замыканне

Паводле папярэдняй інфармацыі, кароткае замыканне халадзільніка стала прычынай пажару, які здарыўся 5 лістапада ў жылым доме ў вёсцы Гранічы. Пра тое, што гарыць веранда і кухня дома, выратавальнікам у 11 гадзін 34 хвіліны паведамілі суседзі.

Ахвярай пажару тут стала 92-гадовая пенсіянерка, якая была ляжачай хворай. Бабулю даглядала нявестка. У момант здарэння дома яе не было, выйшла за малаком.

Загарэлася смецце ў кінутым доме

На вуліцы Афіцэрская ў райцэнтры 6 лістапада ад узгарання смецця пачаўся пажар у адным з дамоў, які быў у аварыйным стане. Ад 2004 года тут ніхто не жыў. Пажарныя прыехалі на месца здарэння і выратавалі ад смерці 46-гадовую жанчыну, што знаходзілася ў доме.

З дыягназам “атручанне чадам і алкагольнае ап’яненне” пацярпелую, якая не мае пастаяннага жылля, адвезлі ў бальніцу. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнасць жанчыны пры курэнні.   

Пажар пачаўся ад печкі

Паведамленне пра пажар у адным з дамоў вёскі Бальцары Алёхнавіцкага сельсавета на пульт выратавальнікаў паступіла 7 лістапада ў 22 гадзіны 05 хвілін. Як высветлілася, у доме спалі чатыры чалавекі. Адзін з мужчынаў прачнуўся ад таго, што адчуў пах дыму і пачуў трэск.

З палаючага дома мужчына здолеў выратаваць непаўнагадовае дзіця. Жанчыну 1951 года нараджэння выратаваць не ўдалося…

Папярэдняя прычына пажару, па словах інспектара Аляксандра Карнацкага, – парушэнне правілаў пячнога ацяплення.

Сяргей ЗЯНЬКО.