Першы трэнер чэмпіёнкі Аляксандр Вахавяк паведаміў, што ў 1998-м дзяўчынка прыйшла да яго на першую трэніроўку, займалася ў яго да 2002 года, пасля скончыла вучылішча алімпійскага рэзерву.

Цяпер Кацярына – студэнтка факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дзяўчыне спатрэбілася 10 год, каб атрымаць званне чэмпіёнкі свету.

Позна вечарам 11 лістапада Кацярына прыехала ў родную Смаргонь, дзе яе чакалі бацькі. Карэспандэнты “РГ” павіншавалі пераможцу і задалі ёй некалькі пытанняў.

– Каця, каму першаму вы патэлефанавалі, каб падзяліцца радаснай навіной?

– Маме, але яна не ўзяла трубку. Тады я патэлефанавала свайму хлопцу, які паведаміў навіну маім бацькам.

– Ці была перамога для вас чаканай?

– Не. Я не была ўпэўненая ў сабе. Сярод пераможцаў я – самая малодшая. Нават калі абвясцілі імёны, я не верыла, што змагла гэта зрабіць.

– Як вам Грэцыя?

– Я ўжо трэці раз наведваю гэту краіну. Сёлета мы былі там пяць дзён. Тэмпература, непараўнальная з нашай – 20 градусаў цяпла. Але купацца ўсё ж такі халаднавата, хаця многія купаліся. Я ж не рызыкнула – толькі нагамі паспрабавала ваду.

– Ці было ў вас на мэце стаць прафесійнай спартсменкай, калі дзевяцігадовай дзяўчынкай вы прыйшлі на першую трэніроўку?

– Не, я не планавала прафесійна займацца спортам. Проста падабалася барацьба, часта білася з хлопцамі – не дзяўчынка, а “адлёт”.

– У вас, напэўна, ёсць брат?

– Не, – смяецца Кацярына. – Сястра Ганна, малодшая за мяне на два гады. З ёй таксама, здараецца, б’ёмся. Яна, як і я, спартсменка і літаральна месяц таму заняла другое месца на Чэмпіянаце свету па самба сярод моладзі.

– Колькі дзён будзеце адпачываць?

– Трэнер адпусціў мяне дадому да нядзелі – гэта значыць, чатыры дні. І то, толькі таму, што я папрасіла нейкі час адпачыць. Іначай з заўтрашняга ўжо пачала б трэніроўкі. У нас як кажуць? Чэмпіёнам ты стаў учора, а сёння ўжо працуеш наноў, рыхтуешся да наступных спаборніцтваў.

Святлана СТАНКЕВІЧ.