Чэмпіянат Мінскай вобласці па плаванні сярод юнакоў 1997-2000 гадоў нараджэння пройдзе ў Вілейцы 2 снежня.

Пра гэта нашаму выданню паведаміў дырэктар Цэнтра спартыўна-аздараўленчай работы “Сатурн” Леанід Казлоў. Рашэнне аб правядзенні спаборніцтваў менавіта ў горадзе нашага рэгіёну прыняла федэрацыя Мінскай вобласці па плаванні 11 лістапада. Басейн вілейскага цэнтра “Сатурн” выйграў права правядзення чэмпіянату ў спрэчцы з салігорскім і барысаўскім басейнамі.

Як месца правядзення спаборніцтваў спачатку разглядаўся Салігорск, потым – Барысаў. Але ў выніку федэрацыя ўсё ж спыніла свой выбар на Вілейцы.

Па словах Леаніда Казлова, чакаецца, што да нас у госці прыедзе каля васьмі юнацкіх камандаў з усёй вобласці. Сярод гарадоў-удзельнікаў, акрамя гаспадароў, – Маладзечна, Слуцк, Салігорск, Барысаў, Мінск.

Тым часам, як паведаміў Леанід Казлоў, у “Сатурне” працягваецца акцыя па наведванні басейна па зніжаных коштах. Па серадах тры чалавекі могуць паплаваць па цане двух білетаў, а па пятніцах у 11 гадзін можна акунуцца ў блакітную ваду за палову цаны.

Сяргей ЗЯНЬКО.