Традыцыйны рэспубліканскі турнір па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна-2009” прайшоў у Палацы культуры ў нядзелю, 8 лістапада.

Спаборніцтвы былі прысвечаныя памяці першага заснавальніка турніраў па спартыўных бальных танцах у Беларусі Васіля Цуранкова.

Бальныя танцы – натхненне і грацыя.

Вось такія мы прыгожыя і таленавітыя!

Самыя маленькія ўдзельнікі спаборніцтваў.

Танцоры з усіх абласцей краіны, акрамя Брэсцкай, з’ехаліся ў Маладзечна. Яны прадстаўлялі 26 танцавальных клубаў, паведаміў у інтэрв’ю “РГ” адзін з арганізатараў турніру і кіраўнік маладзечанскай студыі “Каскад” Аляксандр Драгаміраў. Удзельнікі былі падзеленыя на 10 узроставых груп. Самым маленькім – па 5-6 гадоў. Старэйшай пары – па 35.

Першае месца ў катэгорыі 10-11 гадоў занялі маладзечанцы Віталь Монід і Маша Бялькевіч. У гэтай жа катэгорыі, танцуючы ў двух аддзяленнях, другімі і трэцімі сталі Міша Яцуковіч і Ліза Сарокіна. Трэцяе месца таксама ў Валеры і Светы Яблонскіх. Чацвертае – у Максіма Есмантовіча і Ані Садоўскай.

П’едэстал гонару сярод дзяцей школы танцаў (узрост 5-6 гадоў) – маладзечанскі. Першае месца ў Максіма Богдана і Анжалікі Козаравай. На другую прыступку ўзняліся Мікіта Трубач з Янай Сцёпічавай і Данііл Кулеш з Палінай Мучынскай. Трэцімі сталі Дзіма Кушнярэвіч у пары з Алісай Ляшок, а таксама Ілья Копчык з Ангелінай Такушэвіч.

Узроставая катэгорыя “Юніёры-1”. У ёй змагаліся спартыўныя танцоры 13-14 гадоў. Чацвертае месца тут занялі маладзечанцы Арцём Целяжэвіч у пары з Алінай Мацкевіч.

Падводзіўся на турніры і камандны залік. У розыгрышы каманднага кубка маладзечанская студыя “Каскад” пад кіраўніцтвам Аляксандра Драгамірава заняла другое месца.

Гродзенскую частку нашага рэгіёну на “Кубку Маладзечна-2009” прадставілі смаргонскія спартыўныя танцоры. І тут не абышлося без перамог. Як расказаў нашаму выданню кіраўнік смаргонскай каманды Сяргей Елізавеценка, сярод 6-7-гадовых танцораў найвышэйшую прыступку п’едэсталу занялі наступныя пары: Мікіта Волкаў – Даша Лазоўская, Кірыл Іватовіч – Насця Чудакоўская, Віця Вярбіцкі – Дыяна Харунжык. Іх равеснікі Кірыл Смольц і Эла Бажко занялі другое месца. Чацвертымі ва ўзроставай катэгорыі 8-9 гадоў сталі Алег Чуянаў і Валерыя Міцюль.

За перамогі спартсменам журы налічвала балы. Крытэрыі ацэнкі розных узроставых катэгорый адрозніваліся. Па словах Аляксандра Драгамірава, ад самых маленькіх патрабавалі “трапляць” танцам у музыку, правільна рабіць крокі і трымаць постаць.

Да старэйшых спартыўных танцораў былі больш сур’ёзныя патрабаванні. Тут ужо ацэньвалася ўзмацненне рытму, складанасць кампазіцыі і складанасць фігур.

Пераможцы і прызёры турніру былі ўзнагароджаныя медалямі, дыпломамі і іншымі прызамі.

Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота Святланы ЦІШКО.