У Маладзечанскім раёне 12 лістапада грузавік ГАЗ на гравійнай дарозе Насілава-Цівідаўка ўрэзаўся ў бетонную апору лініі электраперадач. Нейкім цудам вадзіцель абышоўся толькі нязначнымі траўмамі.

“Кіроўца нейкім цудам моцна не пацярпеў, – расказаў у інтэрв’ю “РГ” інспектар маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч. – Ён атрымаў усяго толькі нязначныя сінякі, ранкі і ўдары”.

Інспектар адзначае: у дрэнных умовах надвор’я, пры тумане, імжы вадзіцелі часта грэбуюць правіламі дарожнага руху. У адпаведнасці з правіламі, кіроўцы ва ўмовах дрэннай бачнасці павінны выбіраць бяспечную хуткасць руху, каб кантраляваць дарожную абстаноўку. У гэтым выпадку, калі на шляху з’явіцца перашкода, шафёр будзе мець магчымасць паспець знізіць хуткасць аж да поўнага спынення аўтамабіля.

Як паведаміў “РГ” Дзмітры Стасюлевіч, на мінулым тыдні ў Маладзечне і раёне адбыліся яшчэ тры дарожна-транспартныя здарэнні. 10 лістапада на гравійнай дарозе Бярозаўцы-Пранчэйкава “Жыгулі” сутыкнуліся з грузавіком ЗІЛ-130. Вадзіцель легкавушкі атрымаў шматлікія ранкі і сінякі.

11 лістапада ў Маладзечне на вуліцы Францішка Скарыны “Пежо-306” на пешаходным пераходзе збіла 52-гадовую маладзечанку. З закрытай чэрапна-мазгавой траўмай жанчына трапіла ў бальніцу. У гэты ж дзень на трасе Мінск-Маладзечна-Нарач трактар МТЗ-2112 не саступіў дарогу аўтамабілю “Фольксваген-Транспарцёр” і ўрэзаўся ў яго. Вадзіцель і два пасажыры “Фольксвагена” атрымалі траўмы. Па папярэдніх дадзеных, кіроўца трактара быў нецвярозы.

Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота Дзмітрыя СТАСЮЛЕВІЧА.