Захваральнасць на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў нашым рэгіёне зніжаецца.

Па словах загадчыцы аддзела эпідэміялогіі Маладзечанскага занальнага ЦГіЭ Людмілы Ермачэнкі, за панядзелак-сераду 16-18 лістапада ў паліклінікі з ВРВІ звярнулася амаль на 40% меней людзей, чым за панядзелак-сераду мінулага тыдня. Эпідэміёлагі мяркуюць, што да канца наступнага тыдня ўзровень захваральнасці дасягне звычайнага для канца лістапада ўзроўню. Пік прыйшоўся на 2-8 лістапада. Цяпер назіраецца значнае зніжэнне.

Па словах эпідэміёлагаў, узровень захваральнасці вышэйшы, чым у лістападзе 2008 года, але не настолькі, каб можна было гаварыць аб эпідэміі.

На спад пайшла хвароба і ў іншых раёнах рэгіёну. У Мядзеле і раёне 18 лістапада зарэгістравалі 73 выпадкі. Пік прыйшоўся на 9-11 лістапада – па 200-240 выпадкаў, таму ад 11 лістапада ўвялі комплекс супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, некаторыя школы не працавалі.

Як патлумачылі ў Вілейскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, у Вілейскім раёне быў невялікі пад’ём захваральнасці, нават спецмерапрыемствы не ўводзілі.

У Валожынскім раёне школы не зачыняліся, але пастанова аб супрацьэпідэмічных мерапрыемствах дзейнічае.

Святлана ЦІШКО.