Дырэктар нашай ДЮСШ-1 Яўген Козел паведаміў у інтэрв’ю “РГ”: у спаборніцтвах узялі ўдзел спартсмены 1994-1995 гадоў нараджэння са спартыўных школ краіны, усяго — 35 камандаў.

Гонар Маладзечанскага раёна абаранялі барцы з Маладзечна, Чысці і Лебедзева, дзе ў нас культывуецца гэты від спорту. Каманда на турніры была адзіным прадстаўніком нашага рэгіёну.

На вышэйшую прыступку п’едэсталу гонару ўзняліся Віктар Клабук у вагавай катэгорыі 32 кілаграмы і Яўген Канапацкі ў вагавай катэгорыі 35 кілаграмаў. Яны занялі першыя месцы.

На нашым рахунку таксама бронзавыя медалі. Два трэція месцы занялі Аляксандр Сянько ў вагавай катэгорыі 59 кілаграмаў і Павел Грынкевіч у вагавай катэгорыі 66 кілаграмаў.

У выніку — агульнакаманднае першае месца. Другой на спаборніцтвах стала каманда барцоў “Гомельшкло”, трэцяе месца — у спартсменаў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №7 горада Мінска.

Па словах Яўгена Козела, перамога маладзечанскіх грэка-рымскіх барцоў на спаборніцтвах такога ўзроўню не першая. Лепшымі на рэспубліцы нашы былі таксама ў 2003 і 2007 годзе.

Сяргей ЗЯНЬКО.