Старшы трэнер па акрабатыцы вілейскай ДЮСШ Іван Мамай у інтэрв’ю нашаму выданню паведаміў, што спаборніцтвы — планавыя, праводзяцца згодна з гадавым рэспубліканскім календаром. Праходзіць спартакіяда ў пяці відах акрабатыкі.

На жаль, нашы выступяць толькі ў трох відах. Прычына, па словах Івана Мамая, банальная: не ўсе спартсмены здаровыя, некаторыя грыпуюць.

Віляйчане павезлі ў Гомель жаночую тройку акрабатак, мужчынскую і змешаную пары, а таксама чацвёрку спартсменаў па скачках на акрабатычнай дарожцы. У склад жаночай тройкі ўвайшлі Елізавета Васілевіч, Анастасія Гапуціна і Аляксандра Казінец. У спаборніцтвах мужчынскіх пар выступяць Валеры Капцюг з Аляксандрам Яцкевічам. Змешаную пару склалі Аляксандр Дуровіч і Любоў Агарова.

На акрабатычнай дарожцы з сапернікамі паспрачаюцца Раман Семянковіч, Аляксандр Дземідовіч, Елісей Пятроўскі і Віктар Дуровіч.

Іван Мамай расказаў, што ў Беларусі працуе 13 школ акрабатыкі, але ці ўсе яны выставяць на спаборніцтвах у Гомелі свае каманды — невядома. Прэтэндаваць на высокі агульнакамандны вынік нашым наўрад ці прыходзіцца. Камандны залік будзе падводзіцца па пяці відах, а ў двух з іх мы не выступім. Таму вялікіх мэтаў нашы перад сабой не ставяць. Трэнер віляйчан мяркуе, што нядрэнна было б быць дзе-небудзь у сярэдзіне табліцы, заняць шостае-восьмае месца.

А вось у асабовых заліках, па словах Івана Мамая, можна паспрачацца. Хацелася б у якім-небудзь відзе быць у прызёрах. Пераможцамі ж стаць і тут, хутчэй за ўсё, не здолеем: на спартакіяду прыязджаюць нават чэмпіёны Еўропы.

Сяргей ЗЯНЬКО.