Карэспандэнт “РГ” наведала інфекцыйны кабінет у якасці пацыента. Аналіз крыві на СНІД можна здаць ананімна, бясплатна і хутка – у пацыентаў сапраўды не патрабуюць ні медыцынскую карту, ні пашпарт.
Карэспандэнт з гэтай мэтай накіравалася ў інфекцыйны кабінет гарадской паліклінікі. Дзве галоўныя ўмовы – з 8 да 10 гадзін і нашча – былі выкананыя. На гадзінніку – дзесятая гадзіна. Звычайна да гэтага часу я паспяваю двойчы паснедаць, але на гэты раз есці не хацелася: не кожны дзень здаеш аналіз на СНІД.
Было страшнавата, асабліва калі ўяўляла, як іголка будзе ўваходзіць у вену, разрываючы скуру: “Т-р-р-р!”
Ля кабінета сядзела адна жанчына. Але яна – на кансультацыю да доктара-інфекцыяніста, на аналізы – асобная чарга, таму я пайшла адразу. Пасля заявы: “Хачу здаць аналіз на СНІД”, у мяне ўдакладнілі, ці ананімна, і прапанавалі сесці.
І ўсё, больш нічога не пытаюцца: ні хто, ні адкуль, ні год нараджэння. Запоўнілі нейкую паперу, напэўна, пранумаравалі, таму што пасля гэтага выдалі квадратную кардонку, на якой з аднаго боку пазначаны нумар тэлефона інфекцыйнага кабінета, з другога – нумар аналізу і дата.
“Праходзьце да стала”. Мне моцна перацягнулі руку гумовым жгутам – адчуванні не з прыемных, але гэта неабходна, каб была лепш відаць вена. Медсястра ўскрыла аднаразовы шпрыц і спрытна ўвяла іголку. Боль востры, але не моцны і кароткачасовы. І ніякага “Т-р-р-р!”. Крыві бяруць нямнога – 5 мілілітраў.
Усё. Вынік будзе гатовы дні праз тры. Пажадана прыйсці ў кабінет, але можна даведацца пра яго і па тэлефоне, назваўшы прысвоены нумар.
Скінуўшы маску
Здаць аналіз на СНІД можна ў любой медыцынскай установе горада – ананімна і бясплатна. Для тых, хто засумняваўся ў сваім здароўі, гарадская паліклініка – ідэальнае месца. Убачыўшы знаёмых ля гардэроба, можна сказаць, што прыйшлі да тэрапеўта-кардыёлага-неўролага, артэрыяльны ціск памераць у рэшце рэшт.
Інфекцыйны кабінет знаходзіцца на першым паверсе, у канцы калідора. З асвятлення – ранішняе шэрае святло з адзінага акна. Калі хто са знаёмых будзе ісці праз фае, то здалёк ды яшчэ насупраць акна ўбачыць у лепшым выпадку цёмны сілуэт – не пазнае. Калі ўжо сустрэнецеся ля кабінета, то прызнавацца неабавязкова: мала для чаго вы здаяце аналізы – на іерсініёз ці адзін з самых распаўсюджаных “на біяхімію”.
Пасля заканчэння “эксперыменту”, карэспандэнт зноў зайшла ў кабінет і прадставілася. Доктар-інфекцыяніст Уладзімір Страшынскі і медсястра інфекцыйнага кабінета Тамара Глуская расказалі, што ахвотныя ананімна здаць аналіз на ВІЧ/СНІД ёсць, але іх нямнога. Ад пачатку 2009 года да 25 лістапада ў інфекцыйны кабінет паліклінікі звярнуўся, улічваючы карэспандэнта, 31 чалавек.
Звычайна вынік ананімнага пацыента адмоўны – няма ВІЧ. Станоўчы ў тых з іх, хто прыязджае ў Маладзечна з іншага горада ці раёна пераправерыцца – чалавек не можа паверыць у страшную навіну і спадзяецца, што медыкі ў яго на радзіме памыліліся. Калі тэлефануюць у кабінет, каб даведацца вынік, ім прапануюць прыйсці яшчэ раз. “Няма для чаго – усё зразумела…” – адказваюць яны.
Святлана ЦІШКО.
Фота Святланы ЦІШКО.