Неяк падчас журналісцкай камандзіроўкі ў Вілейку зазірнула ў двор, які літаральна патанаў у кветках. Гаспадыня не супраць была паказаць свае ўладанні. А вось на матэрыял у газеце доўга не згаджалася. Маўляў, навошта гэта ўсё. Ды і каму будзе цікава чытаць пра пенсіянерку, якая адмовілася ад градак з буракамі і цыбуляй і стала вырошчваць кветкі. Тым больш, што робіцца ўсё гэта не для якой-небудзь паказухі, а для душы.

У час размовы высветлілася, што жанчына яшчэ і вышывае. Як толькі надарыцца вечарам вольная хвілінка, бярэ ў рукі іголку, кладзе перад сабой ніткі і, як кажуць, забываецца пра ўсё на свеце.  Адыходзяць на задні план праблемы, хваробы, кудысьці знікаюць неспакойныя думкі і трывогі. Сэрцу робіцца спакойна, радасна. Хочацца тварыць, нешта рабіць, дарыць сваім родным і блізкім цяпло і радасць.

“Атрымаю пенсію, – дзялілася сваімі планамі жанчына, – адразу ж паеду ў Мінск. Накуплю насення кветак, розных нітак і буду цэлую зіму вышываць. Карціну ўжо адну нагледзела, яшчэ планую некалькі настольнікаў прыгожа вышыць, коўдру пашыць. Не таму, што грошы эканомлю. Проста хачу сама, сваімі рукамі”.
Дома цэлы вечар думала над тым, што ў гэтым жыцці зрабіла сваімі рукамі я. Ну, ежу гатую для сям’і кожны дзень, у хаце прыбіраю, прасую, кветкі на вокнах вырошчваю, дапамагаю бацькам садзіць грады і змагацца з пустазеллем, кансервую, марыную. Не без душы ўсё гэта, канешне, раблю, але і не для душы. Хутчэй за ўсё таму, што трэба.

“У цябе ў жыцці ёсць аддушына?” – тэлефаную сяброўцы. Тая доўга маўчыць, а пасля неяк нясмела “выціскае”: “Ну, пачытаць люблю вечарком. Усіх накармлю, напаю, па ложках параскладаю, а сама за кніжачку”. Карацей, яе аддушына мне не спадабалася. І я пацягнулася шукаць стары блакнот, у якім быў запісаны нумар тэлефона жанчыны, што робіць з цеста лялек.

“Вы яшчэ не закінулі сваё хобі”, – пачынаю здалёк. “Што ты, – нейкім узнёсла-шчаслівым голасам расказвае яна, – наадварот, накупіла шмат рознай літаратуры, асвоіла яшчэ адну тэхналогію. Цяпер вось дзеці кватэру атрымалі. Мазгуем, прыкідваем з нявесткай, як аформіць кухню”.

Шчасцем свецяцца вочы і ў маёй дваюраднай сястры, якая занялася сваім радаводам. Не было, напэўна, за апошнія два гады дня, каб яна каму-небудзь не патэлефанавала, каб не занесла ў свой сшытак інфармацыю пра далёкага альбо блізкага родзіча. Хапае ў яе часу і на паходы ў архівы,  і на сустрэчы са сваякамі, якія могуць што-небудзь успомніць і расказаць. Няма толькі на скаргі і расказы пра тое, што жыццё праходзіць міма. Напэўна таму, што сумела яго зацікавіць.

Роўна як і жанчыны з Вілейкі, што спяваюць у калектыве “Бабіна лета” ды ездзяць з канцэртамі па раёне, як адна мая знаёмая, што паставіла перад сабой мэту пабудаваць уласны дом і ідзе да яе чатыры гады. А яшчэ я ведаю мужчыну, што па начах піша карціны, студэнта, які для таго каб зарабіць сабе на паездку ў Прагу, больш за год па выхадных працаваў на рынку, прадаваў карціны з бісеру, а пасля навучыўся рабіць іх сам. Жанчыну, якая навучылася класці плітку і вешаць карнізы. Скажаце, не цікава? Можа, яно і так. Але жыццё ў гэты час ля іх не праходзіла міма.

Марына СЛІЖ.