Дзіка незаконна здабыў паляўнічы з райцэнтра ў лесе каля вёскі Буні Сакаўшчынскага сельсавета ў суботу, 21 лістапада.

33-гадовага мужчыну на аўтамабілі “Івека Турба” каля 22 гадзін недалёка ад вёскі Петрашунцы затрымаў супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі. Туша дзіка ляжала ў машыне, паведаміў “РГ” памочнік начальніка райаддзела міліцыі Сяргей Латышаў.

Ніякіх дакументаў, якія дазваляюць адстрэл – ліцэнзіі, пуцёўкі, – у паляўнічага не было. Браканьера затрымалі. Крымінальная справа ўзбуджаная па другой частцы 282 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Незаконнае паляванне з прычыненнем шкоды ў буйным памеры”. Злачынства караецца штрафам альбо арыштам тэрмінам да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем свабоды на тэрмін да двух гадоў ці пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

Сяргей ЗЯНЬКО.