Занальныя спаборніцтвы чэмпіянату Мінскай вобласці па баскетболе сярод мужчынскіх камандаў прайшлі ў Лагойску 20-21 лістапада. У фінал выйшла каманда гаспадароў і Валожынскага раёна.

Баскетбалісты Маладзечанскага раёна занялі апошняе, трэцяе месца і ў фінал не трапілі. Зону разыгралі тры каманды. Па нейкіх прычынах не даехалі да Лагойска спартсмены з Мядзела і Вілейкі.

Для таго каб вызначыць фіналістаў, спатрэбілася ўсяго толькі дзве гульні. Трэнер маладзечанцаў Уладзімір Клямяціч расказаў у інтэрв’ю “РГ”, што спачатку яго каманда саступіла землякам-валожынцам з лікам 45:70, потым прайграла Лагойскаму раёну 41:50.

Ад кожнай з чатырох зон у фінальную стадыю выходзілі па дзве каманды, і апошні матч Лагойск — Валожын ужо нічога не вырашаў. Таму, па словах валожынскага трэнера Аляксандра Кавязы, каб не рызыкаваць траўмаваць баскетбалістаў перад заключнай стадыяй чэмпіянату, гульню вырашылі не праводзіць. Сустрэнуцца ўжо ў фінале.

Дакладны час і месца правядзення фінальных сустрэч пакуль невядомы. Аляксандр Кавяза кажа, што яны могуць адбыцца 5-6 снежня ў Лагойску, Барысаве альбо Салігорску.

Маладзечанскі трэнер Уладзімір Клямяціч паскардзіўся на тое, што не здолеў сабраць мацнейшы склад сваёй каманды. Нехта з баскетбалістаў пайшоў служыць у армію, хтосьці захварэў, у кагосьці траўма. Тыя, каго ўдалося знайсці, аб’ектыўна слабейшыя за валожынскую, напрыклад, каманду, у якой большасцю выступаюць студэнты чацвертых-пятых курсаў вышэйшых навучальных устаноў.

“Ды і трэніравацца дарослай камандзе проста няма дзе, – кажа Уладзімір Клямяціч, – у горадзе  няма баскетбольнай залы. У школах залы ўвесь час занятыя, нават вечарам. Да таго ж за арэнду трэба плаціць, а аддаваць за гэта свае грошы ніхто не хоча. Таму, калі раз ці два на тыдзень спартсмены знойдуць магчымасць пакідаць па кольцы, гэта – не трэніроўка. Дарослай каманды ў нас папросту няма. Даведваемся за два тыдні да спаборніцтваў, што павінны прайсці, скажам, занальны турнір, пачынаем збіраць тых, хто некалі недзе гуляў у баскетбол”.

Сяргей ЗЯНЬКО.