Падведзеныя вынікі круглагадовай спартакіяды 2009 года сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і прафесійна-тэхнічных вучылішчаў Маладзечанскага раёна. Першае месца занялі навучэнцы дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Спаборніцтвы на працягу года праходзілі сярод юнакоў і дзяўчат па валейболе, шахматах, лыжнай эстафеце, баскетболе, настольным тэнісе. Спрачаліся навучэнцы таксама ў стральбе, міні-футболе, плаванні, лёгкаатлетычным кросе і шматбор’і “Здароўе”.

У спартакіядзе ўзялі ўдзел шэсць навучальных устаноў. Канкурэнцыю пераможцам склалі навучэнцы дзяржаўнага політэхнічнага і гандлёва-эканамічнага каледжаў.

Прызёры набралі роўную колькасць ачкоў. За кошт лепшага выступлення ў шматбор’і “Здароўе” другое месца заняў політэхнічны каледж, гандляры-эканамісты сталі трэцімі.

Чацвертае месца ў спартакіядзе занялі юныя спартсмены Беразінскага аграрнага ліцэя. Пятымі завяршылі спаборніцтвы навучэнцы музычнага вучылішча. Апошняе, шостае месца ў навучэнцаў медыцынскага каледжа.

Сяргей ЗЯНЬКО.