Занальнае першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод навучэнцаў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў прайшло 20-21 лістапада ў Вілейцы. Маладзечанскія і вілейскія юнакі і дзяўчаты заваявалі права выступіць у фінале.

На фінальныя гульні па выніках занальных матчаў выходзілі па дзве каманды юнакоў і дзяўчат.
Спаборніцтвы сярод юнакоў праходзілі ў спартзале Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Шэсць камандаў былі падзеленыя на дзве падгрупы, дзе згулялі па кругавой сістэме.

У першай групе спрачаліся Маладзечанскі прафесійна-тэхнічны каледж, а таксама Валожынскі і Свірскі ліцэі, расказаў кіраўнік фізвыхавання маладзечанцаў Пётр Ракіцкі. Каманда Ракіцкага заняла ў групе першае месца, выйграўшы ў Валожына з лікам 50:22, у Свіра – 42:19. Валожынцы з лікам 37:20 адолелі свірскіх навучэнцаў і сталі другімі.

У другой падгрупе баскетбалісты Вілейскага каледжа былі мацнейшыя за ліцэістаў-аграрнікаў з Беразінскага – 54:31, а таксама не пакінулі шансаў сваім землякам-ліцэістам, лік – 52:10. У сустрэчы двух ліцэяў з Вілейкі і Беразінскага перамогу з лікам 34:14 святкавалі віляйчане, якія занялі другое месца ў групе.

Пасля кругавых прайшлі стыкавыя гульні. Першае-другое месцы разыгралі навучэнцы Маладзечанскага і Вілейскага каледжаў. Мацнейшымі былі маладзечанцы – 44:34. Абедзве каманды выйшлі ў фінал. У барацьбе за трэцяе месца ў зоне Вілейскі ліцэй выйграў у Валожынскага 36:21.

Дзяўчаты высвятлялі адносіны ў зале Вілейскага сельскагаспадарчага ліцэя. Тут у адной групе выступілі пяць камандаў, якія разыгралі дзве пуцёўкі на фінал.

Іх атрымалі Маладзечанскі каледж і Вілейскі ліцэй, заняўшы адпаведна першае і другое месцы. Маладзечанкі выйгралі чатыры сустрэчы з чатырох, віляйчанкі саступілі толькі маладзечанскім навучэнкам. Трэцяе месца занялі дзяўчаты са Свірскага ліцэя, чацвертае – у Вілейскага каледжа, пятае занялі ліцэісткі з Валожына.

Па словах Пятра Ракіцкага, фінальныя гульні першынства Мінскай вобласці сярод юнакоў пройдуць 4-6 снежня ў Салігорску. Дзяўчаты за права называцца лепшай камандай навучэнак-баскетбалістак Мінскай вобласці паспрачаюцца 11-13 снежня ў Барысаве.

Сяргей Зянько.