У гімназіі “Логас” 28 лістапада 60 пяцікласнікаў далі клятву гімназіста.

Перад пасвячэннем у гімназісты дзеці разам з бацькамі прайшлі выпрабаванні на станцыях, якім адпавядалі школьныя прадметы – гісторыя, беларуская мова, матэматыка, руская мова, “Умелыя рукі” (працоўнае навучанне і выяўленчае мастацтва): кожны выбіраў сабе тры станцыі з шасці. На “беларускай станцыі” надзявалі элементы нацыянальнага ўбору, не толькі выконвалі заданні па мове, але і ўспаміналі стравы беларускай нацыянальнай кухні і іх інгрэдыенты, прадметы побыту (кросны, калаўрот і іншыя) і іх прызначэнне.

З заданнямі ўсе паспяхова справіліся. Пасля выпрабаванняў вярнуліся ў актавую залу, дзе школьнікі далі клятву і іх пасвяцілі ў гімназісты. З гэтай падзеяй іх павіншавалі магістр навук, адзінаццацікласнікі, намеснік дырэктара Ала Патапава; бацькі падарылі “класныя куткі” – прыгожа аформленыя інфармацыйныя стэнды. Самі пяцікласнікі падрыхтавалі канцэртныя нумары.

Святлана ЦІШКО.