Каб скарыстаць гэта права, валожынскаму 39-гадоваму рабочаму спатрэбілася больш за паўтара года. Пра гэта расказаў “РГ” маладзечанскі адвакат Рыгор Ваўчок, які абараняў правы рабочага ў судзе.

Драўлянай балванкай у жывот

Гісторыя пачалася яшчэ ў 2007 годзе. На адным з прадпрыемстваў Валожына 18 кастрычніка сталяр-станочнік Мікалай З., працуючы на дрэваапрацоўчым станку, атрымаў закрытую траўму жывата з пашкоджаннем селязёнкі, пячонкі, кішэчніка і страўніка. Драўляная балванка раптам сарвалася са станка і з вялікай сілай ударыла рабочаму ў жывот.

Па заключэнні медыцынскай камісіі, Мікалай у выніку здарэння страціў 24 працэнты сваёй працаздольнасці.

Заключэнне інспекцыі працы: вінаваты сам рабочы

Аб няшчасным выпадку з цяжкім зыходам сваё заключэнне зрабіла Маладзечанская міжраённая інспекцыя працы. Паводле гэтага заключэння, Мікалай працаваў за станком адзін, парушаючы тэхналогію, па якой работу павінны выконваць два чалавекі: адзін перадае загатоўкі па піле, другі прымае і складае гатовыя вырабы.

Пры гэтым у заключэнні сцвярджаецца, што прараб прадпрыемства быццам бы некалькі разоў рабіў рабочаму заўвагі і настойліва прапаноўваў працаваць з напарнікам. Мікалай нібыта адмаўляўся выканаць загад начальства і працягваў працаваць адзін.

Парушыў усе інструкцыі?

Па заключэнні інспекцыі працы кіраўніцтва прадпрыемства склала “Акт аб няшчасным выпадку”. У пункце “Прычыны няшчаснага выпадку” адзначана, што пацярпелы парушаў нарматыўныя прававыя акты па ахове працы, не выконваў бяспечныя прыёмы работы, працаваў на дрэваапрацоўчым станку без памочніка, што з’яўляецца парушэннем шматлікіх інструкцый.

Змест абодвух гэтых дакументаў казаў толькі аб адным: і кіраўніцтва прадпрыемства, і інспекцыя працы вінаватым у здарэнні лічаць самога Мікалая. А гэта значыць, аніякай кампенсацыі з прычыны нанесенай здароўю шкоды ён не атрымае.

А памочнік, аказваецца, быў п’яны

Вось толькі сам Мікалай ведаў: у дакументах напісаная няпраўда. На самой справе, прараб даў яму памочніка. Памочніка, які, па-першае, не меў кваліфікацыі работы на станку, а галоўнае – ён быў п’яны! І прараб гэта бачыў. Тры разы Мікалай адпраўляў нецвярозага напарніка ад станка, казаў прарабу, што працаваць з ім не будзе. Начальнік жа зноў і зноў вяртаў п’яніцу на месца, а Мікалаю тлумачыў: працуй з гэтым, іншага ў мяне няма.

Давялося працаваць. І калі Мікалай чарговы раз перадаў па станку драўляную дэталь памочніку, той не паспеў яе прыняць. Валок адкінуў паўтараметровую балванку назад, і яна з вялікай сілай ударыла Мікалая ў жывот…

Хаджэнні па вышэйшых інстанцыях

Сем медыцынскіх аперацый перанёс Мікалай пасля няшчаснага выпадку на прадпрыемстве. Увесь гэты час, на працягу паўтара года, ён у перапынках стацыянарнага лячэння спрабаваў дабіцца праўды ў вышэйшых інстанцыях. Неаднойчы звяртаўся ў Мінскае абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Адказы на гэтыя звароты не суцяшалі: “У дзеяннях службовых асобаў парушэнняў правілаў па ахове працы не ўстаноўлена. Памочнік сталяра адмаўляе факт знаходжання на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення ў дзень няшчаснага выпадку. Падстаў для перагляду заключэння дзяржаўнага інспектара працы няма. Вы маеце права гэта рашэнне абскардзіць у суд”.

Суд задаволіў скаргу Мікалая

Мікалаю нічога не заставалася, як звярнуцца ў суд. У сваёй скарзе ён прасіў дзеянні службовай асобы, дзяржаўнага інспектара Маладзечанскай міжраённай інспекцыі працы і яго заключэнне па няшчасным выпадку  прызнаць незаконнымі і якія парушаюць правы і законныя інтарэсы чалавека, што пацярпеў на вытворчасці. Гэта значыць, правы яго, Мікалая.

У судовым працэсе былі дапытаныя ўсе рабочыя, якія бачылі, што адбывалася раніцай таго дня. Паводле паказанняў сведак, напарнік Мікалая на рабоце сапраўды быў п’яны. Знайшліся відавочцы і самога здарэння. Яны пацвердзілі: Мікалай быў траўмаваны таму, што напарнік не ўтрымаў драўляную дэталь.

Суд вывучыў усе матэрыялы справы, дапытаў пацярпелага, прараба, інспектара працы і сведак, пасля гэтага вынес рашэнне: расследаванне, якое правёў дзяржаўны інспектар працы, было няпоўным. Інспектар апытаў службовых асобаў наймальніка, якія былі зацікаўленыя ў выніках праверкі і хацелі пазбегнуць пакарання за парушэнне правілаў аховы працы.

Сапраўднай прычынай няшчаснага выпадку сталі: неналежны тэхнічны стан дрэваапрацоўчага станка і допуск да працы рабочага, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Суд вырашыў: прызнаць заключэнне інспектара працы па няшчасным выпадку незаконным, якое парушае правы і законныя інтарэсы пацярпелага на вытворчасці. Абавязаць інспектара выправіць свае парушэнні.
Ні кіраўніцтва прадпрыемства, ні інспектар працы не абскардзілі рашэнне суда, і яно ўступіла ў законную сілу.
Пасля гэтага было складзенае новае заключэнне і новы акт аб няшчасным выпадку на вытворчасці.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Каментарыі юрыста

Свае каментарыі па гісторыі, у якой траўмаваны сталяр-станочнік дабіўся праўды і абараніў свае правы, даў для “РГ” адвакат Рыгор Ваўчок:

– Чаму мы вымушаныя былі пайсці ў суд? Таму што не пагадзіліся з заключэннем інспектара працы. Таму што звароты майго кліента ў вышэйшыя інстанцыі, аж да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, не прынеслі плёну.

У выніку ні ў чым не вінаваты не сталы яшчэ мужчына, які атрымаў цяжкія траўмы на вытворчасці, застаўся б без усялякай кампенсацыі нанесенай яму шкоды.

Цяпер, пасля дасканалага разбору здарэння ў судзе, па рашэнні суда, якое ўступіла ў законную сілу, кіраўніцтва прадпрыемства павінна выплаціць Мікалаю кампенсацыю па страце працэнта працаздольнасці.

Пацярпелы таксама мае права на кампенсацыю расходаў, панесеных падчас лячэння і рэабілітацыі, на кампенсацыю маральнай шкоды і судовых выдаткаў. А ў выпадку атрымання інваліднасці, наймальнік будзе плаціць яму пенсію пажыццёва.
 

Абмеркаваць на ФОРУМЕ.