Абмяркоўваем з аўтарам, Анатолем Капцюгом, далейшы лёс праекта “Школка дзядзькі Капцюга”.
 “Не, у гэтым месяцы пачаць заняткі я не гатовы, – кажа ён мне, – многае яшчэ трэба памяняць,
падправіць, дадаць.

Прафесія архітэктара, відаць, адбітак на характар паклала: хочацца рабіць тое, чаго яшчэ не было. А то людзі яшчэ скажуць: Капцюг, як той гарманіст у вёсцы, іграе і іграе адну і тую ж польку”.

Смяялася цэлы вечар. І калі посуд мыла, і калі бульбу абірала. “Ну, чым я не гарманіст, – разважала пра сябе, – прыйдзеш з працы, кожны вечар адна і тая ж полька. Ад пліты да стала, ад стала да халадзільніка”.

Кладучыся спаць, падумала, што раніцай зноў давядзецца “танцаваць” пад знаёмую музыку. Ногі ў тапкі, бягом  у ванну, затым на кухню, пасля на работу. Напэўна, гэты пералік доўжыўся б яшчэ хвілін дзесяць, каб унутраны голас не сказаў: “Не ный, лепш падумай, колькі жыве на свеце людзей, якія раніцай не могуць ўстаць з ложка. А колькі зайздросцяць тым, што ідуць на работу, бо самі не могуць яе знайсці”.

Неяк размаўляла з настаўніцай. “Ты ведаеш, – скардзілася яна, – так стамілася ад школы. Кожны дзень адно і тое ж. Дзяўбі і дзяўбі задачы і тэарэмы. Іду на ўрок, а самой хочацца паліто на плечы – і ў дзверы. І дзеці, здаецца, гэта адчулі. Круцяцца, не слухаюць, многія пачалі “забывацца” сшыткі з дамашнім заданнем.

Трэба мяняць тактыку і адносіны. Пасядзець, падумаць, зноў пастарацца матэматыку палюбіць…”. Ну, што тут можна сказаць, усе мы часам стамляемся ад сваёй работы. І, як казаў адзін кіношны герой, крышку любім, крышку церпім, крышку хочам другую.

Праз месяц мы сустрэліся зноў. Выпадкова. На рынку. “Як справы?” – пытаюся. “Добра, – смяецца яна, – і дома, і ў школе. Рыхтуем з класам свята матэматыкі, правялі “Што? Дзе? Калі?”. А вочы свецяцца, сама ўся такая шчаслівая. Бачна, што ў чалавека ёсць мэта, цікавасць да жыцця, работы. І тут зноў успомніліся словы дзядзькі Капцюга і яго знакамітая полька. Як не круці, а іграць штодзень адну і тую ж і сапраўды нельга. І людзей стоміш, і сам, як кажуць, дойдзеш да ручкі.

“Збіраем з мужам грошы на адпачынак, – расказвае знаёмая, – паедзем у круіз па Расіі. Дзеці выраслі, клопатаў меней стала, дык засумавалі крыху. А так, ад дома адпачнём, дом ад нас. Ды і канапа хоць крышку параўняецца, а то ўжо яміны ў ёй папраседжвалі”. Асабіста мне здавалася, што гэтай жанчыне і без таго круізу ніколі не бывае сумна.

Увесь час у руху, у пошуку чагосьці новага. Вясной пляла на дачы нейкую адмысловую агароджу з лазы і пакрывала яе лакам, летам вазілася з кветкамі і градамі, бліжэй да восені садрала на кухні шпалеры і пакрыла сцены фарбай. Як кухня будзе пераўвасабляцца далей, не расказвае нікому. Прызналася толькі, што заказала ў нейкага майстра паліцы і шафкі, якія будуць
плаўна пераходзіць з адной сцяны на другую. А нядаўна, як кажа сама, падпісала смяротны прыгавор секцыі. Тыя шафы, дзе стаялі кніжкі, вынесла ў калідор. А посуд плануе размясціць у новых шафках на кухні.

Карацей, “іграць” адну і тую ж польку яна не ўмее. Аб чым вельмі шкадуе яе муж, якому цяжка запамінаць кожны дзень новую музыку.

Марына Сліж.