Кацельні Смаргонскага раёна пераходзяць на мясцовыя віды паліва.

Як паведаміў намеснік галоўнага інжынера ЖКГ Руслан Ладавір, пераход абумоўлены дырэктывай №3  Прэзідэнта РБ “Эканомія і ашчаднасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
Газ на кацельнях заменяць трэскі. Гаспадаркай плануецца купля італьянскай драбілкі.

На дадзены момант заканчваецца будаўніцтва кацельні ў Крэва, кошт якой каля 700 мільёнаў беларускіх рублёў. На кацельні цэнтральнай раённай бальніцы будуць устаноўленыя два катлы па 2 МВт – агулам на гэта спатрэбіцца каля 2,5 мільярда рублёў. Здача кацельні плануецца на першы квартал 2010 года. Кацельня №3 у мікрараёне Карані, на якой ўстанаўліваецца кацёл на 4 МВт, будзе ўведзеная ў эксплуатацыю ў другім квартале 2010 года. Перавод гэтай кацельні на мясцовыя віды паліва будзе каштаваць 1,6 мільярда рублёў.

Праблем з ацяпленнем і падачай гарачай вады ў кватэрах у выніку пераводу кацельняў мясцовыя жыхары мець не будуць, – запэўніў Руслан Сяргеевіч. На пытанне, як паўплываюць перамены на аплату камунальных плацяжоў, можна будзе адказаць пасля запуску кацельняў.

Святлана СТАНКЕВІЧ.