Спрэчкі адносна пустышкі нярэдкія, асабліва паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў: спачатку мамы і бабулі абмяркоўваюць яе неабходнасць, пасля – як ад яе адвучыць. Менавіта гэта часта становіцца сапраўднай праблемай для бацькоў маленькага чалавечка.

Прасцей за ўсё не прывучаць дзіця да смактання латэксу і сілікону. Спрыяльная перадумова – грудное выкормліванне, тады пустышка дакладна непатрэбная. У такім разе можна абысціся і без бутэлечкі з соскай: да паўгода – выключна грудное малако, пасля – лыжачка, паільнік і нарэшце кубачак.

Важна таксама, як дзіця планавалася, як выношвалася. Калі была пагроза выкідышу, медыкі прыкладалі намаганні, каб захаваць цяжарнасць, то дзіця можа нарадзіцца трывожным, няўпэўненым у сабе. Яго цяжэй супакоіць (асабліва пры штучным выкормліванні), яно патрабуе асаблівай увагі, звышапекі, і маміны рукі самі цягнуцца да пустышкі.

Калі маці корміць малое грудным малаком – у яго ёсць цялесны кантакт з ёю, яно атрымоўвае маміна цяпло, ласку і апеку, і смактальны рэфлекс рэалізуе падчас кармлення. Пры штучным выкормліванні дзіця пазбаўленае такой магчымасці. Калі ў сям’і так склалася, то псіхолагі раяць не навісаць над дзіцем, а трымаць яго на руках і даваць бутэлечку як бы з-пад грудзей. У астатні час часцей браць на рукі, каб задаволіць патрэбу ў маміных дотыках і ласцы.

Адзін з базавых рэфлексаў чалавека – смактальны. Мы гэтаму не вучымся, а ўмеем ад нараджэння. Смактанне неабходнае немаўлятам не толькі, каб задаволіць голад, яно запускае ў арганізме выпрацоўку гармону задавальнення. Таму задавальненне ад ежы і ад смактання непарыўна звязаныя ў свядомасці дзіцяці. Таму дзеці і прывыкаюць да пустышкі: гэта прыемна, да таго ж супакойвае. У некаторых нават фарміруецца залежнасць: яны размаўляюць, трымаючы пустышку ў роце. Фактычна гэта замяшчэнне мамы і таты – значыць, дзіцяці не хапае бацькоўскай увагі і ласкі.

У год-паўтара патрэбнасці змяняюцца і рэфлекс фарміруецца іншы – жавальны. Так што самы час адвучвацца ад сосак. Дзейнічайце паступова. Наладзьце кармленне з лыжачкі і кубачка або паільніка. Прывучайце малое абыходзіцца без пустышкі ў дзённы час, калі яно не спіць. Паспрабуйце наладзіць такую гульню: пустышка раніцай знікае і з’яўляецца толькі перад сном. Магчыма, увечары дзіця і не стане шукаць прапажу. Пасля працягніце гульню да вечара. Так паступова адвучвайце ўвогуле смактаць пустышку.

Можна прыдумаць рэалістычную гісторыю яе страты. Галоўнае, каб дзіця зразумела незваротнасць знікнення. Не выкідайце пустышку ў смеццевае вядро, бо аднойчы можаце ўбачыць, як дзіця яе там шукае. Выкідайце так, каб дзіця не змагло яе здабыць. Можаце зрабіць з гэтага рытуал. Пакладзіце ў скрыначку, перавяжыце стужкай, разам з дзіцем дачакайцеся смеццевай машыны, якая звязе пустышку назаўсёды. Або раскажыце кранальную гісторыю пра маленькае мышаня (кацяня, шчаня), якое вельмі хоча пустышку, але яму няма дзе ўзяць: “Дачушка, можа падорым тваю пустышку маленькаму звярку?”.

Напэўна, нейкі час пасля знікнення пустышкі бацькам давядзецца пацярпець. Дзіця можа капрызіць, плакаць, а то і моцна крычаць, кідацца на падлогу. У адных працэс адаптацыі доўжыцца тры дні, у іншых – 10 дзён і больш. Саступаць нельга, лепш увогуле нічога не пачынаць. Будзьце побач з дзіцем, гуляйце з ім у любімыя гульні.

Набярыцеся цярпення і забудзьцеся народныя рэцэпты кшталту “намазаць пустышку перцам ці гарчыцай”. Для дзіцяці гэта будзе занадта моцны стрэс, нават псіхалагічная траўма. Прыдумайце што-небудзь іншае, але не азмрочвайце малым гэты надзвычай важны аральны перыяд, калі яны спазнаюць свет праз рот. З-за гэтага ў свядомым узросце некаторыя з нас не могуць ацаніць смак добра прыгатаванай стравы, атрымаць ад яе задавальненне. Часта падманутыя дзеці маюць “пункцік” – “З ежай штосьці не так” – і проста не любяць есці.

Замежныя псіхолагі раяць чакаць, пакуль малое само не выплюне пустышку і канчаткова не адмовіцца ад яе. У большасці беларускіх бацькоў няма на гэта часу: звычайна ў два-два з паловай гады дзеці ідуць у дзіцячы сад, куды карыстальнікаў пустышак (і аднаразовых падгузкаў) не прымаюць.
Нашы псіхолагі лічаць, што неабходна наладзіць грудное выкормліванне – тады і пустышка непатрэбная, і лягчэй пазбегнуць шмат якіх псіхалагічных праблем дзіцячага і падлеткавага ўзросту.

Загадчыца аддзялення псіхалагічнай дапамогі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Маладзечна Анжэла ДЗЯРКАЧ, Святлана ЦІШКО.