Была выстава бісерапляцення.

Прысутныя маглі палюбавацца рознымі плеценымі работамі.

На другім паверсе Палаца культуры працавалі выставы вышыванак.

Напэўна вельмі смачнае запечанае парася.

У гэтыя бочачкі можна не толькі ваду наліваць.

Ансамбль казацкай песні “Шматгалоссе”, які прыехаў з Барысаўскага раёна, уразіў не толькі вакальнымі здольнасцямі, але і шаблямі, якімі ўдзельнікі размахвалі падчас выступлення.

Удзельнікі маладзечанскага харэаграфічнага калектыву “ALAE-ALBAE” выканалі нацыянальны грэцкі танец “Сіртакі”.

Пачалося свята а 12 гадзіне. На трэцім паверсе ў малой зале Палаца культуры ўзнагародзілі прадстаўнікоў і ўдзельнікаў творчых калектываў ад кожнай дыяспары. Пасля ўрачыстай часткі прысутных чакалі выставы.
На другім паверсе былі прадстаўленыя драўляныя бочачкі, каганцы, місачкі, карзіны. Працавалі выставы керамічных вырабаў, вышыванак, бісерапляцення. Ацанілі прысутныя плеценыя работы: кошыкі, табурэты, вазы для фруктаў, саламяныя капелюшы.

Усіх, хто завітаў у Палац культуры, сваімі нацыянальнымі стравамі частавалі палякі, малдаване, яўрэі, армяне, узбекі, грэкі, азербайджанцы, цыганы, латышы, казакі, рускія, украінцы.

Сталы ледзь не ламаліся ад прыгатаванай ежы. Смачны пах разносіўся па ўсім паверсе. Прысутныя маглі паспрабаваць галубцы ў вінаградных лісцях, галубцы з разынкамі, кілбасу дамашнюю, шынку, сыр з кменам. Смачнымі былі плоў з курагой і чарнаслівам, варэнікі, блінчыкі з мясной начынкай, а таксама бутэрброды з салам, агуркі з гарэлкай, вінегрэт, запечаная курыца.

Апетытна выглядалі баклажаны, бананы з начынкай, рыба, яйкі ў выглядзе мышак. А якое цудоўнае было запечанае парася! Такое румянае, палітае маянэзам і ўпрыгожанае зелянівам – смаката! Не абышлося без салодкага. І дзеці, і дарослыя каштавалі розныя пірагі, булачкі, пірожныя.

Наступным крокам фестывалю быў канцэрт “Суквецце талентаў”, які пачаўся а 14 гадзіне ў канцэртнай зале Палаца культуры. Харэаграфічныя, вакальныя калектывы і музычныя гурты ад дванаццаці абшчын і дыяспар з Мінскай вобласці выступалі для членаў журы і гледачоў.

Удзельнікаў восьмага фестывалю нацыянальных культур  павіншаваў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, які з’яўляецца адным з аўтараў гэтага праекта. Ён сказаў, што фестываль – гэта своеасаблівы мост паміж рознымі нацыянальнасцямі, калі скарбы аднаго народа пераліваюцца ў іншыя.

А першымі канцэртную праграму адкрыў польскі вакальны калектыў “Талака” з Маладзечанскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў, які выканаў “Віленскі вальс”. “Ружу Малдовы” спела малдаванка Валянціна Граждзіера з Нясвіжскага раёна. А вось армянін Віталь Тэвасян са Смалявіцкага раёна выканаў музычны нумар на баяне. Прыгожа спявалі прадстаўнікі ўзбекскай (з Салігорскага раёна) і яўрэйскай (з Мядзела) абшчын.

Удзельнікі маладзечанскага харэаграфічнага калектыву “ALAE-ALBAE” выканалі нацыянальны грэцкі танец “Сіртакі”. Творчы калектыў азербайджанцаў, якія завіталі з Жодзіна і Нясвіжа, і спяваў, і танцаваў адначасова. У яркіх рознакаляровых спадніцах на сцэне танцавалі ўдзельніцы ансамбля цыганскай песні і танца “Эльпіс” са Слуцка.

Латышскую дыяспару прадставіў творчы калектыў сям’і “Дзерве”. Ансамбль казацкай песні “Шматгалоссе”, які прыехаў з Барысаўскага раёна, уразіў не толькі вакальнымі здольнасцямі, але і шаблямі, якімі ўдзельнікі размахвалі падчас выступлення. Народныя песні спявалі рускія і ўкраінцы. Апошнія паставілі яшчэ і тэатралізаваную сцэнку. А ў самым канцы пачаставалі гледачоў сваёй “горілкай” і салам.     

На працягу чатырох гадзін канцэртнай праграмы журы вызначала лепшых выканаўцаў, якія будуць прымаць удзел у рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур.

Начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч адзначыў, што такія фестывалі вельмі сімвалічныя. Тут сваю творчасць і кулінарныя вырабы прадстаўляюць усе нацыянальнасці, якія жывуць у краіне.

– Маладзечна выбралі не проста так, – кажа Аляксандр Віктаравіч. – У нашым горадзе жывуць украінцы, рускія, палякі, яўрэі, грэкі. Кожная дыяспара, абшчына паказвае сваю творчасць, культуру, традыцыі і нацыянальную кухню, якая на фестывалі стала “перчыкам” усяго мерапрыемства.

З гарадоў нашага рэгіёну на фестываль прыехалі ўкраінцы з Валожына, яўрэі з Мядзела. Больш за ўсё дыяспар і абшчын было з Маладзечна – грэкі, палякі, рускія і ўкраінцы.

Надзея СТАНКЕВІЧ. 

Тэма на форуме: http://forum.molodechno.by/viewtopic.php?t=3386

Фрагменты выступленняў можна паглядзець тут: