Дырэктар цэнтра “Сатурн” і галоўны суддзя Леанід Казлоў расказаў у інтэрв’ю нашаму выданню, што ў спаборніцтвах узялі ўдзел каманды з сямі раёнаў Мінскай вобласці і з Мінска. Канчатковыя агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам:

1.    Салігорскі раён — 2212 ачкоў
2.    Маладзечанскі раён — 1474 ачкі
3.    Слуцкі раён — 1155 ачкоў
4.    Мінскі раён — 1122 ачкі
5.    Мінск, дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву — 1104 ачкі
6.    Барысаўскі раён — 767 ачкоў
7.    Вілейскі раён — агульнакамандны залік не падлічваўся

Паводле інфармацыі Леаніда Казлова, у першы дзень прайшлі мужчынскія і жаночыя заплывы на дыстанцыі 50 метраў на спіне, на 100 метраў вольным стылем, 200 метраў брасам, 200 метраў батэрфляем, 800 метраў вольным стылем у жанчын і 1500 метраў — у мужчын. І мужчыны, і жанчыны спаборнічалі на 100 метрах комплексным плаваннем і ў эстафеце 4 па 60 метраў вольным стылем.

Другі дзень (мужчыны і жанчыны): 50 метраў брасам, 100 метраў батэрфляем, 200 метраў вольным стылем, 200 метраў на спіне, 400 метраў комплексным плаваннем, камбінаваная эстафета 4 па 60 метраў.

Трэці дзень (мужчыны і жанчыны): 50 метраў вольным стылем, 100 метраў брасам, 100 метраў на спіне, 50 метраў батэрфляем, 400 метраў вольным стылем, 200 — комплексным плаваннем.
У асабовых заліках з нашых землякоў першыя месцы займалі толькі маладзечанкі. Лепшай на дыстанцыях 200 метраў брасам і 200 комплексным плаваннем стала Анастасія Сушчэня. 100 метраў комплексным плаваннем і 100 метраў на спіне выйграла Алена Верамей. На 100 метрах брасам у заплыве жанчын не было роўных Кацярыне Сушчэні.  

Дырэктар маладзечанскай дзіцяча-юнацкай спартшколы прафсаюзаў Віктар Мазнёў застаўся задаволеным выступленнем сваіх падапечных. Паводле яго слоў, заняць другое месца пасля Салігорска — добры вынік.

Спаборнічаць з салігорскімі плыўцамі складана. У іх горадзе, акрамя двух дарослых басейнаў, ёсць яшчэ і дзіцячы для падрыхтоўкі дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.

Набіраць маленькіх плыўцоў у Салігорску пачынаюць з шасцігадовага ўзросту, чаго не можам сабе дазволіць мы. Да ўзросту чацвертага класа школы смаргонцы ўжо паказваюць вынікі, нашы ж толькі пачынаюць вучыцца плаваць.

І тым не менш, пасля мы даганяем сапернікаў у развіцці і, здараецца, нават выйграём у іх. Плануецца, што да 2011 года, калі ў Маладзечне будуць праводзіцца дажынкі, у горадзе з’явіцца басейн для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Гэта павінна быць прыбудова да вялікага басейна. Як сказаў Віктар Мазнёў, рабочая група райвыканкама па правядзенні дажынак прыняла рашэнне будаваць дзіцячы басейн. У федэрацыю прафсаюзаў перадалі заяўку на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва.

Вілейскіх плыўцоў пачалі рыхтаваць толькі ў 2006 годзе, калі адкрыўся “Сатурн”. Цяпер ім толькі па 9-11 гадоў і, натуральна, спрачацца на роўных з дарослымі сапернікамі з іншых раёнаў яны пакуль не могуць. Таму і камандны залік віляйчан не падводзіўся.

Затое ў асабовых заліках нашы землякі пацвердзілі свае спартыўныя разрады. На першы юнацкі разрад праплылі Вікторыя Журык і Іван Клютчэня, другі дарослы разрад абаранілі Сяргей Майніч і Дзяніс Хаванскі.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Маладзечанскія спартсменкі, якія 2-4 снежня занялі першыя месцы ў розных відах спаборніцтваў на адкрытым чэмпіянаце Мінскай вобласці па плаванні у Вілейцы: Насця Сушчэня (крайняя злева) і Каця Сушчэня (крайняя справа). У цэнтры — іх трэнеры-выкладчыкі Алена Руткоўская (злева) і Людміла Гілевіч.

Фота з архіва “РГ”.