Трэцяе месца з пяці камандаў занялі маладзечанскія футбалісты 1997 года нараджэння ў фінале Кубка федэрацыі Мінскай вобласці па міні-футболе, які праходзіў 8-9 снежня ў Слуцку.
Выхаванцаў трэнера Аляксандра Гармазы, які быў у адпачынку, на турнір вазіў яго калега Андрэй Найдзіч. Маладзечанцы заслужылі права выступіць у фінале, выйграўшы напярэдадні ў паўфінальных спаборніцтвах у равеснікаў з Вілейкі і Мар’інай Горкі.

Аддзел фізкультуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама выдзеліў камандзе аўтобус для паездкі на турнір.

У інтэрв’ю “РГ” Андрэй Найдзіч расказаў: у Слуцку за права называцца лепшай камандай вобласці змагаліся футбалісты з пяці раёнаў – Слуцкага, Маладзечанскага, Барысаўскага, Салігорскага і Дзяржынскага.

Пачалі нашы добра. У першы дзень спаборніцтваў з лікам 2:0 мы перамаглі гаспадароў пляцоўкі. Наступны тур гулялі з Дзяржынскам. Забілі саперніку чатыры безадказныя галы – буйная перамога 4:0.

Пачаўся другі дзень спаборніцтваў. Турнірная сітуацыя склалася так, што ў выпадку перамогі ў трэцяй гульні над Барысавам нашы, як мінімум, забяспечвалі сабе выніковае другое месца.

Па словах Андрэя Найдзіча, па ходзе гульні нашы хлопцы вялі з лікам 2:1. На апошніх секундах прапусцілі другі мяч у свае вароты. У выніку нічыя 2:2, і лёс выступлення вырашаўся ў апошнім матчы з Салігорскім раёнам. І перад апошняй гульнёй турнірная сітуацыя спрыяла маладзечанцам.

Каб стаць пераможцамі фіналу, з Салігорскам дастаткова было згуляць унічыю, а ў выпадку паражэння з мінімальным лікам мы ўзнімаліся б на другую прыступку п’едэстала.

Нулі на табло трымаліся, калі да канца сустрэчы заставаліся дзве хвіліны. І тут мы прапускаем – 0:1. А на апошніх секундах, як і ў гульні з Барысавам, у нашы вароты ўляцеў другі мяч. Паражэнне 0:2 і толькі трэцяе месца ў выніку.     

“У абедзвюх апошніх гульнях мы шмат атакавалі, мелі добрыя моманты забіць, – кажа Андрэй Найдзіч, – нам проста не пашанцавала… Хлопцы вельмі расстроіліся”.

Месцы фіналу Кубка федэрацыі Мінскай вобласці па міні-футболе сярод футбалістаў 1997 года нараджэння размеркаваліся наступным чынам:

1. Салігорскі раён

2. Барысаўскі раён

3. Маладзечанскі раён

4. Дзяржынскі раён

5. Слуцкі раён

Каманда-пераможца і каманды-прызёры былі ўзнагароджаныя кубкамі. Футбалісты гэтых камандаў атрымалі медалі і граматы. Таксама былі вызначаныя лепшыя футбалісты ў сваіх амплуа. Лепшым галкіперам турніру прызналі нашага Сяргея Сашчанку, малодшага брата варатара футбольнага клуба “Маладзечна” Канстанціна Сашчанкі.

Ад сябе ў нашай камандзе Андрэй Найдзіч выдзеліў палявых гульцоў Аляксея Клямяціча і Яўгена Труса. Маладзечанскі трэнер адзначыў таксама добрую арганізацыю правядзення фінальных спаборніцтваў у Слуцку.

Сяргей ЗЯНЬКО.