Найбольш актыўныя стваральнікі мемарыяла (злева направа): Яўген Ігнатовіч, Анатоль Капцюг, Анатоль Рогач, Марына Барташэвіч, Клаўдзія Дубовік, Вольга Коласава.

Мемарыяльная дошка стала своеасаблівым падарункам мастаку – 25 снежня (13 па старым стылі) спаўняецца 175 гадоў з дня яго нараджэння.

Ініцыятарамі ўшанавання сталі старшыня раённага савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч, краязнаўцы Анатоль Рогач і Анатоль Капцюг, які з’яўляецца аўтарам эскіза памятнага знака. Ім дапамагаў раённы савет дэпутатаў.

“Вялікая праца, цудоўная кампазіцыя зробленыя людзьмі, неабыякавымі да нашай гісторыі, нашай спадчыны. Трэба, каб з гэтага брала прыклад моладзь. Але ж, на жаль, я не бачу тут ніводнага дзіцяці, ніводнага вучня са школы, кіраўніцтва аддзела культуры. Шаноўныя! Што ж гэта робіцца?! Калі так пойдзе далей, то толькі тыя камяні, якія сёння старэйшае пакаленне зможа выцягнуць на свет Божы, і застануцца. Астатняе ў дрыгве згіне”, – з горыччу адзначыў Барыс Цітовіч на адкрыцці.

На імпрэзе прысутнічалі жыхары Цынцавічаў, прадстаўнікі інтэлігенцыі і ўладаў Вілейскага раёна. Першым з прамовай выступіў старшыня Любанскага сельвыканкама Ілля Глускі. Аўтар эскіза архітэктар і мастак Анатоль Капцюг адзначыў, што камень для памятнай дошкі не везлі здалёк –прыдатны ляжаў на ўскрайку вёскі. Карані Анатоля Капцюга, паводле яго слоў, таксама з Цынцавічаў. “Можна сказаць, па-сямейнаму зрабіў дошку, як сваяку”, – пажартаваў ён.

Анатоль Рогач коратка пазнаёміў прысутных з радаводам Нікадзіма Сілівановіча. Ён таксама адзначыў, што год смерці, указаны на дошцы, 1918 – недакладная дата: ніхто не ведае, дзе і ў якім годзе пахаваны мастак – гэтыя звесткі адшукаць у архівах пакуль што не ўдалося, даследаванне працягваецца.

Старшыня Любанскага сельвыканкама Ілля Глускі (справа) дае слова краязнаўцу Аляксандру Зайцаву.

Краязнаўца Анатоль Зайцаў прапанаваў зрабіць Цынцавічы турыстычным аб’ектам: ад шашы Мінск–Нарач недалёка, акрамя мемарыяльнага знака Сілівановічу, тут можна наведаць культавыя камяні.  У іх каля дзвюх тысяч гадоў таму рукой чалавека выбіты ямкі. Камяні, на думку навукоўцаў, засталіся ад насельнікаў старажытнага паселішча на палях на возеры Вула, да якога ад Цынцавічаў 2-2,5 кіламетра. Цяпер камяні знаходзяцца каля мемарыяла.

Напярэдадні, 10 снежня, у мясцовым музеі адбылася вечарына, прысвечаная памяці Сілівановіча.

Святлана ЦІШКО.

Малюнак Ксеніі Баслык, Анастасіі Дуровіч.

Копія карціны Нікадзіма Сілівановіча “Салдат з хлопчыкам“. Капіяваў Эдуард Мацюшонак.

Распавядае мастак Барыс Цітовіч (глядзіце відэа).

Даведка “РГ”

Нікадзім Юр’евіч Сілівановіч

Беларускі жывапісец. Нарадзіўся 25 снежня 1834 года ў в.Цынцавічы Вілейскага раёна. Нягледзячы на значныя цяжкасці, звязаныя з сялянскім паходжаннем, мастаку ўдалося атрымаць агульную адукацыю ў павятовым пяцікласным вучылішчы для дваран у Маладзечне.

Невядома, хто быў першым настаўнікам, які падрыхтаваў цынцавіцкага хлапчука да паступлення ў Пецярбургскую Імператарскую акадэмію мастацтваў, але, напэўна, гэта быў сапраўдны прафесіянал, таму што здаць экзамены ў акадэмію было няпроста.

У 1859 годзе Сілівановіч пачынае вучобу і спецыялізуецца ў жанры партрэтнага жывапісу. У 1863 годзе за работы, прапанаваныя акадэмічнаму савету, яму было прысвоена званне вольнага мастака, і ён пакінуў акадэмію і вярнуўся ў родную вёску Цынцавічы.

Адсутнасць заказаў прымусіла Сілівановіча звярнуцца да царкоўнага жывапісу. У 1864 годзе ён быў запрошаны Лідскім павятовым праўленнем для афармлення праваслаўных храмаў павета. Пісаў таксама абразы і партрэты царкоўных дзеячаў. Маюцца звесткі, што ў гэты час ім быў напісаны абраз з выявай Аляксандра Неўскага (1864 год, месца знаходжання невядома).

Займаючыся царкоўным жывапісам, мастак выбірае час для ўдасканалення ў галіне бытавога і партрэтнага жывапісу. У 1866 годзе ён прадстаўляе акадэмічнаму савету свае новыя работы, за якія яму было прысвоена званне класнага мастака ІІІ ступені.

Адчуваючы патрэбу ва ўдасканаленні прафесійнага майстэрства, Сілівановіч у 1870 годзе вяртаецца ў акадэмію і пленна пачынае вучобу ў класе мазаікі. Неўзабаве ён атрымлівае званне класнага мастака II ступені і прызначаецца малодшым мастаком акадэміі, а хутка яму прысуджаецца I ступень.

У час заняткаў і работы ў акадэміі Н.Сілівановіч ніколі не спыняў сувязей з радзімай. Ён пастаянна выязджаў на летнія месяцы ў Цынцавічы. дзе пісаў эцюды і партрэты. Яго партрэты набываюць характар бытавых карцін, якія сведчаць пра сімпатыі мастака да простага народа.

Творчыя поспехі мастака з Вілейшчыны адзначыў К.П.Брулоў. які запрасіў Сілівановіча прыняць удзел у стварэнні мазаікі “Тайная вячэра” у галоўным іканастасе Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За стварэнне мазаік у храме ў 1876 годзе Сілівановічу было прысвоена званне акадэміка

Дакладна не вызначана дата смерці мастака – 1918 год або 1919 год — і, на жаль, невядома месца яго пахавання.

Карціны мастака разышліся па ўсім свеце, шмат іх у асабістых калекцыях, каля 20 работ знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Літвы ў Вільнюсе. I толькі адзіны яго твор заханаўся ма Беларусі – “Салдат з хлопчыкам” (1866 год). які знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Імя   Нікадзіма   Сілівановіча   прысвоена   зале   выстаў Вілейскага краязнаўчага музея.

Паводле Вілейскага краязнаўчага музея.

Выступ Барыса Цітовіча:

Выступ Анатоля Капцюга: