Яшчэ год таму Марына Лукашэвіч і не думала пра такую папулярнасць. Для таго, каб ёй зацікавіліся газеты і тэлебачанне, варта было ўсяго толькі нарадзіць. Чацвярню.
Наконт сустрэчы з Марынай мы дамовіліся на вечар. Справаў у маладой мамы хапае, нягледзячы на тое, што дзеткі яшчэ знаходзяцца ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Маці і дзіця” ў Мінску, дзе Марына раджала.

– Столькі дакументаў трэба аформіць, давайце лепш увечары, – прапанавала Марына.
І вось мы падымаемся па лесвіцы пяціпавярховага дома. Сям’я жыве на трэцім паверсе. Ліфта няма. Калі адно немаўля – гэта ўжо праблема, а тут – чацвёра.

Марына сустракае нас разам з маці, Рэгінай Кетрыс. У двухпакаёўцы яны жывуць утраіх – муж Уладзімір пакуль на працы.

– Чакаем дзетак, як Бога, – кажа з парога Рэгіна Раманаўна.

– Калі ўжо дома будуць? – пытаюся.

– Пакуль невядома, – адказвае Марына, – вагу набіраюць. Калі нарадзіліся, важылі ад 1,2 да 1,5 кілаграма.

– За тры тыдні колькі ўжо набралі?

– 2100, 2200 і двое па 1800. Да 2500 павінны падрасці – тады можна будзе забіраць дамоў. Двое ўжо нават у ложачку ляжаць, самі малачко п’юць. А двое яшчэ ў кювезіках, на кропельніцах.

– Марына, адкуль такія гены?

– Ад мужа. Па яго баку ў сваякоў двойня была.

– Калі дазналіся пра чацвярню?

– Каля трох месяцаў тэрмін быў. Першы раз сказалі, што будзе адно дзіця. Другі раз – двайняты. Потым – трайняты. І так, па нарастаючай, дайшлі да чацвярых.

– А муж як, прызвычаіўся да ролі таты чацвярых дзяцей?

– А муж ціснуў на тое, каб усе чатыры хлопцамі былі. Я казала: “Не, чатыры дзяўчынкі”. Вось каб нікому крыўдна не было – нарадзіліся два хлопчыкі, дзве дзяўчынкі.

– Ці былі раней у Ашмянах прэцэдэнты з нараджэннем чацвярні?

– Не, толькі трайняты былі два гады таму. Чацвёра нарадзілася пяць гадоў назад у Мінску.

– Купілі ўсё, каб забіраць дзетак з раддома?

– Купілі і па шуфлядах расклалі, – Марына паказвае на камод з чатырма шуфлядамі. – Кожнаму асобная, пачынаючы са старэйшага, Кірыла.

– Ужо імёны прыдумалі? Кірыл старэйшы?

– Так. У 6.14 нарадзіўся. Вадзім – у 6.15, Ірына і Карына – у 6.16 і 6.17.

– Прычым нарадзіліся 5 лістапада, – уступае Рэгіна Раманаўна, – у дзень народзінаў майго Мішы – мужа, яго ўжо няма на свеце. Падарунак даслаў, напэўна, каб не забываліся.

– Ці адрозніваеце аднаго ад другога?

– Яшчэ нават не бачыла іх. Каранцін. А нараджала пад агульным наркозам, таму што рабілі экстраннае кесарава.

Нават на тэлефон нельга здымаць – кажуць, апаратура можа больш нашкодзіць, чым чалавек. Мы, не бачыўшы дзетак, вырашылі іх назваць. Бо там іх называюць “першы”, “другі”, “трэці”, “чацверты”.

Нарадзілі – ізноў пайшлі лён рваць

– Чаму нараджалі ў Мінску?

– Калі дазналіся, што дзетак будзе чацвёра, канешне, пачалі хвалявацца. Паехалі ў Гродна, пракансультаваліся. Там параілі мінскі цэнтр “Маці і дзіця”. Тут няма ўмоў, кювезаў. Хаця ляжала і тут, і ў Гродне. Адчувала сябе нармальна, але паклалі пад назіранне, калі тэрміны былі крытычнымі.

– Цяпер надта апякуюцца маладымі. Раней як нараджалі? – узгадвае спадарыня Рэгіна. – Мая маці распавядала: лён ірвуць, нарадзілі – ізноў пайшлі лён ірваць. Цяпер моладзь слабая, радыяцыя паўплывала. У 86-м як глынулі яе дзеці – адгэтуль і слабасць. А ў Астраўцы вось зноў будаваць збіраюцца.

Першыя пакупкі

– Цяпер рэгулярна тэлефануем у бальніцу, – распавядае Марына. – Казалі, што на гэтым тыдні адбудзецца доктарская нарада, і, можа, калі будуць месцы, паеду да дзетак у Мінск. Мяркуем, што да Новага года ўсе будуць тут у зборы.

У пакоі ўжо стаяць дзіцячыя ложкі, чакаюць малых.

– Бракуе месца, – кажа Рэгіна Раманаўна. – Каб у новай хаце былі, можа б, і чатыры купілі. А тут няма куды ставіць.

– Каляскі ўжо набылі?

– Не пакуль. Трэба будзе двайныя купляць. У Ашмянах такіх няма, глядзелі ў Інтэрнэце. Марына нават чатырохмесную знайшла – дык тая ўвогуле, як танк! Пяць мільёнаў каштуе.

Дапамога

– Журналісты, напэўна, спакою не даюць. Шмат пісалі?

– У нас ужо газет – зараз прынясу, – Рэгіна Раманаўна ідзе ў іншы пакой і вяртаецца са стосам:

– Во мая Маша! А начальнік Марынін, самы галоўны, паштоўку даслаў.

– Сяргей Мікалаевіч Румас, – удакладняе Марына. – З мужавай працы таксама, казалі, дапамогуць. Калі дзяцей выпішуць – начальнік сам абяцаў прыехаць.

Марына працуе старшым касірам у ашмянскім аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк”. Муж – электраманцёрам-лінейшчыкам ашмянскага ўчастка Гродзенскага будаўніча-мантажнага ўпраўлення №4.

– З працы аказалі дапамогу, – распавядае Марына, – 9 мільёнаў рублёў.

– А мясцовыя ўлады?

– Вырашаецца пытанне з кватэрай. 70% аплачвае дзяржава, астатняе пагашаем мы. На 40 гадоў нам выдаецца крэдыт пад 1%. У мікрараёне Заходні будуецца сацыяльны 60-кватэрны дом.

Разглядаецца такі варыянт: прасячы сцяну паміж трохпакаёвай і аднапакаёвай кватэрай. Такім чынам атрымаецца чатырохпакаёўка, якіх цяпер не будуюць.

Дакументы на дом ужо гатовыя, але чакаецца інфармацыя, ці можна з 60-кватэрнага дома зрабіць 59-кватэрны.

Абяцалі, што ўсё будзе гатова да Новага года. Але так хутка не пераедзем – трэба будзе яшчэ рамонтам заняцца, пачакаць, пакуль дом прасохне.

– Пабудуць у мяне, – кажа бабуля і смяецца: – Двое з ёй, дваіх да сябе вазьму.

Бабуля-нянька

– Як насамрэч спраўляцца будзеце?

– Марына адна, канешне ж, не ўправіцца. Я адзіная бабуля – у зяця бацькоў ўжо няма ў жывых. Буду звальняцца і афармляцца нянькай.

– А дзе зараз працуеце?

– На мясакамбінаце, зарабляю 600 тысяч у месяц. Дазналіся, колькі атрымоўвае нянька. 302 налічваецца, мінус падаходны, мінус пенсійны фонд – на рукі 260.

– Але ж дзетак – чацвёра…

– Не важна – ужо цікавіліся. Хоць дзесяць дзяцей – стаўка адна. Да пенсіі засталося чатыры гады. Тры з іх пасяджу з лялькамі. На чацверты год на працу, пэўна, не возьмуць – перад пенсіяй. Будуць маладыя дапамагаць, – смяецца Рэгіна.

– Вы ўпершыню бабуля?

– Не, ёсць яшчэ ўнук ад сына, у другі клас ходзіць.

– Пяць унукаў – на падарункі неяк трэба будзе збіраць.

– Так, хочацца ж папесціць дзетак. Як у гэтыя 260 тысяч укласціся – невядома. Улічваючы, што за кватэру зімой – 150. Акрамя таго, кожныя два тыдні па 200 тысяч ідзе толькі на памперсы – чатыры ўпакоўкі. На дзень трэба 16 памперсаў – 4 разы на суткі мяняюць. Плюс вільготныя сурвэтачкі і шмат чаго яшчэ.
Але ўсё гэта ерунда, – усміхаецца Рэгіна. – Абы здаровенькія былі і хутчэй ужо дамоў прыехалі.

Святлана СТАНКЕВІЧ.