Ад новага года на старонках “Рэгіянальнай газеты” зноў пачне сваю працу школка дзядзькі Капцюга, якая пакуль што на канікулах.

Анатоль Капцюг працуе ў вілейскім краязнаўчым музеі. Яго малюнкамі ўпрыгожаныя многія экспазіцыі.

Яе дырэктар, архітэктар і краязнаўца з Вілейкі Анатоль Капцюг, праз свае малюнкі ў новым “навучальным годзе” пакажа нашым чытачам абрады, традыцыі і звычаі жыхароў рэгіёну. “Мы пагаворым пра Купалле, – расказвае аўтар праекта, – Каляды, Вялікдзень. У будучым хачу яшчэ стварыць серыю малюнкаў пра кірмаш.

У нашых продкаў паездка на яго была таксама святам. Уставалі рана, апраналі самае лепшае, воз засцілалі прыгожай посцілкай. Ці мала каго можна было там убачыць!

Народ жа з’язджаўся з усяго наваколля. І кожнаму хацелася не толькі справіць пакупкі, але і на людзей паглядзець, сябе паказаць”.

А пачнём мы расказваць пра традыцыі і звычаі нашых продкаў хутчэй за ўсё са жніва. Яно было галоўнай і адказнай падзеяй у жыцці беларуса-хлебароба, здабыткам яго працы і спадзяванняў на працягу года. Пачатак жніва, як і яго заканчэнне, у нашым краі суправаджаецца старадаўнімі земляробчымі абрадамі, што падзяляюцца на тры часткі: агледзіны і пакрыванне поля, зажынкі і дажынкі.

“На гэту тэму ў мяне некалькі малюнкаў, – расказвае Анатоль Капцюг. – Хаця пакрыванне поля і зажынкі сяляне адзначалі рэдка. Жыў гэты абрад хутчэй за ўсё сярод памешчыкаў. А вось дажынкі, з песнямі, музыкай, жартамі, былі ў нас распаўсюджаныя больш. Гулялі, убраўшы з поля ўраджай, да самай ночы”.

У папярэдніх праектах школка дзядзькі Капцюга расказвала чытачам пра сялянскую сядзібу, паказала праз малюнкі хату, сені, святліцу, свіран, вазоўню, навучыла прасці, будаваць хаты і інш.

Марына СЛІЖ.

Інтэрв’ю з аўтарам праекта.