Аляксандр Куцкевіч нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Брылі Мядзельскага раёна. Праз год сям’я пераехала ў Мядзел, дзе Саша скончыў школу і паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. Да сакавіка мінулага года працаваў у школе, вёў гурткі ў дзіцячым доме творчасці. Цяпер Аляксандр Куцкевіч – вартаўнік Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.

 

 

Image 1930

Image 1930

 

– Мне падабаецца гэта работа. Я працую суткі праз трое, – расказвае Аляксандр Іванавіч, – таму хапае часу для творчай дзейнасці. Некаторыя мае скульптуры упрыгожваюць бераг нашага возера. Люблю пісаць пейзажы, сумяшчаць рэальнасць і фантастыку. А карыстаюся пераважна алеем.

На выставе “Цяпло зямлі маёй” прадстаўлена каля 30 карцін Аляксандра Куцкевіча:  пейзажы Мядзельскіх мясцін, возера, прырода ў розныя поры года. Акрамя таго, маюцца анімацыйныя жывёлы – коні, рыбы. Ёсць у выставачнай зале скульптуры з дрэва. Гэта птушка, фігуркі людзей, бабулька з унукам, хлопчыкі, мужчына з пушкай, маці з дзіцем. Ёсць 15 манатыпій.

Аляксандр кажа, што на адну работу манатыпіі можна страціць 20 лісточкаў паперы і толькі на адным малюнак задаволіць. Прасцей пісаць карціны.

– Калі прыйдзе натхненне, то адну вялікую працу можна выканаць за дзень, – расказвае творца, – калі ж яго няма – і тыдня не хопіць. Чамусьці да мяне натхненне часцей прыходзіць вечарам. Мо, таму, што я “сава”? Мне вельмі цяжка працаваць раніцай. Лепш атрымліваецца ўвечары.

Разам з Аляксандрам жывуць і крытыкі яго працы – дачка і жонка. Менавіта яны даюць ацэнку работам мастака.

– Я люблю сваю сям’ю за падтрымку і разуменне, – кажа ён, – Радзіму – за натхненне, бацькоў – што я ёсць на свеце, а народ – за цярпенне і разважлівасць.

Даведка “РГ”: Манатыпія – від друкаванай графікі, у якім алейныя фарбы ад рукі наносяцца на ідэальна гладкую паверхню металічнай друкарскай формы. Друкаванне робіцца на ўвільготненай паперы, атрыманы адбітак адзін (унікальны). Творам уласцівыя прыгожая фактура, багацце колеравых спалучэнняў. Тэхніка манатыпіі вядомая з 17 стагоддзя.

Надзея СТАНКЕВІЧ.