Крыху больш за 8 гадзін — 8 гадзін і 9 хвілін — патраціў пераможца адкрытага першынства Маладзечанскага раёна бабруйчанін Сяргей Гурло, каб пераадолець у лёгкаатлетычным манежы дыстанцыю 100 км.

Спаборніцтвы праходзілі 12-13 снежня. Спартсмены з Беларусі і Расіі ў залежнасці ад узросту беглі 3, 21 км 97 м, 42 км 195 метраў ці 100 км. “Сотку” выбралі сем чалавек, прадстаўнікоў нашага рэгіёну сярод іх не было.

“Гэта не здзек з арганізма. У каго хуткасць для марафона не вельмі вялікая, а трываласці хапае, той бяжыць 100 км і можа выканаць норму разраду, недасяжнага на карацейшых дыстанцыях, — патлумачыў галоўны суддзя спаборніцтваў, суддзя нацыянальнай катэгорыі Аляксандр Кавалёў. —  На 100 км праводзяцца

Чэмпіянаты свету і Еўропы. Шмат людзей у свеце бегаюць такую дыстанцыю. Дарэчы, 100 км — гэта не мяжа, некаторыя спаборнічаюць у бегу на суткі”.

На старт марафонскай дыстанцыі выйшлі 46 чалавек. Маладзечанец Юры Дылеўскі фінішаваў трэцім з вынікам 2 гадзіны 42 хвіліны. Пераможцу — Дзмітрыю Дзеразенку з Ліды — ён прайграў каля 13 хвілін.

Галіна Кавалёва стала сярэбраным прызёрам, а Святлана Кошалева — бронзавым у сваіх узроставых групах і ў абсалютным заліку ў бегу на 21 км 97 м (паўмарафон).

Тры другія месцы занялі дарослыя маладзечанцы на дыстанцыі 3 км: Павел Сталбавенка, Ядвіга Дыдзік, Ларыса Казлова.

Дзеці таксама беглі 3 км. Яны спаборнічалі ў дзвюх узроставых групах — да 14 гадоў і 14-17 гадоў. У старэйшай перамаглі Аляксей Хуртай і Вікторыя Дарваед. У малодшай — Аліна Пупкевіч і Кірыл Гізулеўскі. Усе яны з Маладзечна.

Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі 98 спартсменаў.

Святлана ЦІШКО.