Следчы пракуратуры Іван Ёда 14 снежня паведаміў “РГ”: ёсць падставы меркаваць, што на грунце могуць быць сляды рэчываў, якія лёгка ўзгараюцца. Напрыклад, бензіну. Правяраюць таксама два электрычныя засцерагальнікі.

Экспертызу праводзіць дзяржаўная экспертна-крыміналістычная група Мінскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. Вынікаў можна чакаць праз адзін-два тыдні. Тады прычыну ўзгарання жылога дома можна будзе назваць дакладна.

Папярэдняя прычына пакуль застаецца ранейшай — курэнне ў нецвярозым стане жыхароў дома. Але ў пракуратуры, якая праводзіць праверку, ёсць таксама кантрольная карта, складзеная супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, у якой адзначана, што пажарныя неаднаразова, на працягу 2007-2009 гадоў, папярэджвалі гаспадара дома 1949 года нараджэння аб тым, што ў яго няспраўная электраправодка, а печ знаходзіцца ў аварыйным стане.

Пажар здарыўся 2 снежня каля 22 гадзін. Пасля тушэння выратавальнікі знайшлі ў згарэлым доме чатыры трупы: 60-гадовага гаспадара, яго жонкі такога ж узросту, іх 34-гадовага сына і 43-гадовага суседа. На месца выязджала следча-аператыўная група міліцыі і намеснік пракурора Валожынскага раёна.
Былі апытаныя сваякі і суседзі памерлых, якія апазналі іх.

Сведкі казалі пра тое, што напярэдадні бачылі суседа гаспадароў п’яным, а малодшы брат загінуўшага 34-гадовага мужчыны сцвярджае: перад трагедыяй размаўляў з нецвярозым братам па тэлефоне. Папярэджваў, каб той не захоўваў дома бензін.

Па словах Івана Ёды, вядома таксама, што 18 лістапада 60-гадовыя муж з жонкай атрымалі пенсію, а іх 34-гадовы сын, які працаваў у сельгаскааператыве “Пяршаі-2003”, 2 снежня атрымаў зарплату.

Сяргей ЗЯНЬКО.