У Маладзечне ад сярэдзіны тыдня запрацавалі каткі. Першым быў той, што на гарадошным стадыёне – ад 16 снежня.

Моладзь дачакалася лёду. Увечары 16 снежня каток на гарадошным стадыёне быў поўны народу.

Сёння, 17 снежня, увечары першых наведнікаў прыме каток гарадскога стадыёна. Прынамсі гэтую дату вызначыла кіраўніцтва раёна, а дырэктар стадыёна Аляксей Язневіч напярэдадні ў інтэрв’ю “РГ” пацвердзіў яе, сказаў, што лёд будзе гатовы. З цягам часу там будзе дзве лядовыя пляцоўкі: пакуль адну, парэзаную канькамі, будуць падліваць, на другой можна будзе катацца. На стадыёне запрацуе пракат неабходнага рыштунку: карыстанне канькамі на працягу гадзіны каштуе 4 тысячы рублёў. Ёсць 160 пар ад 30-га памеру і большыя.

На гарадошным стадыёне грошы трэба плаціць не за пракат (ён бясплатны), а за карыстанне катком: дарослы “білет” каштуе 4500 рублёў за гадзіну, для дзяцей да 14 гадоў – 1300 рублёў, але толькі да 16.00. Тут таксама ёсць 140 пар рыштунку ад 30 да 46 памеру.

Асноўным гарадскім катком лічыцца той, што на Цэнтральнай плошчы. Яго заліваў разлік маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Адкрыццё было прызначанае таксама на 17 снежня.

Акрамя пералічаных буйных пляцовак, каткі ёсць ля школ і гімназій.

Якая арганізацыя ці арганізацыі возьмуць на сябе аплату патрачанай вады, райвыканкам пакуль не вырашыў.

У Вілейцы – тры масавыя пляцоўкі: на плошчы Леніна каля ёлкі, у гарадскім парку на танцпляцоўцы і каля “Зеніта”. Іх адкрыццё запланаванае на 18-19 снежня. Кошт пракату ў сераду, 16 снежня, яшчэ не быў вядомы.

Святлана ЦІШКО.

Фота аўтара.