Шаснаццаць гадоў правядзе ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму 45-гадовы жыхар вёскі Задворнікі Іван М., які вечарам 1 красавіка п’яны дома жорстка забіў сваю 78-гадовую маці, інваліда першай групы па зроку, якую не хацеў больш даглядаць.
Прыгавор Івану вынесла судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда. Абвінавачаны абскардзіў яго ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, які пакінуў касацыйную скаргу без задавальнення.

Згодна з праведзеным расследаваннем, Іван нанёс сваёй маці не менш за 16 удараў па галаве і не менш за 41 удар па целе. Ад атрыманых цяжкіх траўмаў састарэлая жанчына, якая па стану здароўя не магла супраціўляцца, памерла на месцы.

На судовым пасяджэнні мужчына вінаватым сябе не прызнаў. Казаў, што маці не біў. А траўмы яна атрымала, калі вечарам 1 красавіка яны разам паваліліся на лаўку.

Паказанні абвінавачанага катэгарычна абверг медыцынскі судовы эксперт. Паводле яго заключэння, такую колькасць траўмаў пацярпелая не магла атрымаць ад аднаго падзення. Эксперт вызначыў адназначна: жанчыне былі нанесеныя менавіта ўдары.

Суд устанавіў таксама, што вечарам 1 красавіка і ноччу 2 красавіка ў доме маці з сынам знаходзіліся ўдваіх, да іх ніхто не заходзіў, бо дзверы былі замкнёныя. Гэта значыць, дачыненне да смерці жанчыны нейкага трэцяга чалавека выключаецца.

Іван на судзе не адмаўляў, што на яго ўжо доўгі час былі аформленыя афіцыйныя дакументы, паводле якіх ён з’яўляўся чалавекам, які даглядае маці, інваліда па зроку.

Ступень цяжкасці і колькасць цялесных пашкоджанняў на целе памерлай, па меркаванні суда, кажуць пра тое, што сын свядома хацеў, каб маці пакутавала ад пабояў і хацеў, каб яна памерла. Матыў здзяйснення злачынства, як палічыла судовая калегія, наступны: сыну надакучыла даглядаць маці. Да таго ж, тым вечарам ён быў п’яны.

Згодна з заключэннем экспертаў-псіхіятараў, на момант злачынства абвінавачаны быў пры памяці і адказваў за свае дзеянні.

Абвінавачанне было прад’яўленае па двух пунктах другой часткі 139 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Забойства з асаблівай жорсткасцю чалавека, які знаходзіўся ў бездапаможным стане”.

Стан алкагольнага ап’янення падчас забойства абцяжарыў віну падсуднага. У калоніі яго будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.

Аляксандр МАРЦІНЧЫК, пракурор Астравецкага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.